Опсаўская школа прызнаная лепшай сярод сельскіх устаноў адукацыі Беларусі

Власть и общество
Штогод Міністэрства адукацыі краіны падводзіць вынікі шматпланавай дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі рэспублікі. Мэта гэтага мерапрыемства — павышаць матывацыю педагагічных калектываў, стымуляваць паляпшэнне якасці работы агульнаадукацыйных устаноў, вывучаць і распаўсюджваць перадавы вопыт. І вельмі прыемна, што сёлета ў рэйтынг лепшых школ, размешчаных у сельскай мясцовасці, увайшоў Опсаўскі ЯССШ, што пацверджана дыпломам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Пры падвядзенні вынікаў высокую адзнаку ўстанова адукацыі атрымала дзякуючы сучаснай праграме развіцця і яе выкананню па розных накірунках дзейнасці, у прыватнасці, за адукацыйны ўзровень педагогаў. Так, па словах дырэктара школы Святланы Курбан, тут працуюць 35 % настаўнікаў з вышэйшай і 50 % — з першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Значную ролю адыграла і сучаснае забеспячэнне навучальнага і выхаваўчага працэсу ў школе, выніковая колькасць удзельнікаў прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый і творчых конкурсаў навучэнцаў, а таксама адсутнасць траўматызму школьнікаў і высокі паказчык задаволенасці бацькоў навучальным і выхаваўчым працэсам. Акрамя таго, важкім плюсам на шляху да прызнання стаў удзел педагагічнага і вучнёўскага калектыву ўстановы адукацыі ў рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Школьны сад для сельскага прадпрымальніцтва». Дадатковыя балы дало і цеснае супрацоўніцтва з мясцовым сельсаветам і шэфамі — СВК «Маяк Браслаўскі».

— Гэта вынік, — кажа начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч, — прадуманага кіраўніцтва адміністрацыі і паўсядзеннай працы ўсяго калектыву, які дазволіў у поўнай меры прадэманстраваць паступовую дынаміку развіцця ўстановы і заявіць пра сябе на высокім узроўні. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.