Небяспечныя дарогі Афганістана: гісторыя ўдзельніка падзей

Власть и общество
Шындант, Кабул, Кандагар, Джалалабад… Сёння назвы гэтых гарадоў далёкай краіны ў маладога пакалення амаль ні з чым не асацыіруюцца. А вось у 80-я гады ХХ стагоддзя тысячы сем’яў з розных куткоў Савецкага Саюза з заміраннем сэрца слухалі навіны пра чужую незразумелую вайну, дзе ваявалі іх родныя і блізкія.

Таму рашэнне пра вывад савецкіх войск з тэрыторыі Афганістана, якое было прынята падчас Жэнеўскіх пагадненняў у 1988 годзе, усе прынялі з радасцю і палёгкай. Але больш за ўсіх загад вяртацца на Радзіму чакалі самі ваеннаслужачыя.

А да гэтых запаветных слоў за плячыма Сяргея Шакура былі без малога два гады службы на ваеннай афганскай зямлі, дзясяткі тысяч кіламетраў, пераадоленых на «КАМАЗе» па пустыні і горных дарогах.

Павестку малады браслаўчанін атрымаў у маі 87-га, калі прырода радавала сваім багаццем колеру і салодкім водарам.

Спачатку хлопец трапіў у Печы, дзе яму прапанавалі застацца вадзіцелем камандзіра. Але няўрымслівы юнак выказаў жаданне служыць далей ад дому. Дужа смелага навабранца адправілі ў Туркменію, адкуль была адна дарога — на вайну.

Усяго за суткі падарожжа прырода і ландшафт кардынальна змяніліся і з прахалоднай вясны беларус трапіў у спякоту.

— Спярша асаблівага страху не было, — прызнаецца суразмоўца, — але ва ўсім адчувалася напружанасць і чаканне невядомага.

Шэсць месяцаў у вучэбцы асвойваў баявую, палітычную і аўтамабільную падрыхтоўку. Вучоба праходзіла інтэнсіўна і сурова. Ды і не надта суцяшальнымі былі расказы ўжо абстраляных байцоў, іншыя жахлівыя гісторыі нацягвалі нервы да болю ў мышцах.

У Афганістане асвоіць навыкі ваджэння «КАМАЗа» па мясцовых дарогах давялося даволі хутка, бо ад гэтага залежала жыццё, прычым не толькі сваё.

У аўтакалоне налічваўся не адзін дзясятак машын з небяспечным грузам — боепрыпасамі і палівам. Безумоўна, была тэхнічная дапамога і ахова, але менавіта такія калоны больш за ўсё цікавілі «духаў».

Нягледзячы на саракаградусную спёку, кожнаму вадзіцелю выдавалася поўнае абмундзіраванне, зброя і бронежылет, бо па дарозе здаралася ўсякае: абстрэлы, аварыі, непрадказальныя прыпынкі.

— Прырода там дзіўная, — кажа Сяргей, — вельмі даймала спякота. У кабіне машыны тэмпература падымалася да 50˚ С, таму бронежылеты надзявалі толькі на самых небяспечных участках дарогі.

Амаль два гады дзень у дзень салдат-вадзіцель С. Шакур садзіўся за руль свайго цягача і разам з калонай аўтамашын выпраўляўся па горным серпанціне ў небяспечны шлях. Рухаліся ў асноўным у светлы час сутак, але і ясны дзень не ратаваў ад «душманскіх» куль. Таму прыходзілася пільна, да болю ў вачах, углядацца ў дарогу, моцна трымаць руль у руках і хутка рэагаваць на перашкоды. Але найбольш жудасна было бачыць цяжкія раненні і смерць таварышаў. Аднак пры ўсіх гэтых нялёгкіх выпрабаваннях юнакі годна выконвалі свой воінскі абавязак.

Размовы пра вывад савецкіх войск з Афганістана пачаліся ў 1988 годзе. Спынілася паступленне новай ваеннай тэхнікі, вайсковыя рады не папаўняліся навабранцамі. Усё гэта, безумоўна, бударажыла думкі салдат і ўносіла ўнутраны дысананс.

І вось паступіў загад пакінуць пазіцыі. Амаль месяц занепакоеным ваеннаслужачым давялося чакаць далейшых распараджэнняў у прыгранічным туркменскім горадзе, дзе да таго знаходзілася яшчэ і шмат разнастайнай ваеннай тэхнікі. У такой незразумелай абстаноўцы чакання здараліся розныя канфлікты, таму ваеннае камандаванне намагалася хутчэй адправіць салдат у пункты прыназначэння.

С. Шакура адпусцілі дадому ў водпуск, падчас якога ён і даведаўся пра сваю дэмабілізацыю. А праз некалькі месяцаў рэха афганскай вайны зноў нагадала пра сябе: у ваенкамаце яму ўручылі медаль «За баявыя заслугі». ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.