На Браслаўшчыне выбралі лепшую шматдзетную сям’ю

Власть и общество
Сям’я — гэта аснова жыцця, дзе нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці, а за шумам, уборкай і штодзённымі павучаннямі жыве вялікая любоў, узаемная падтрымка і вернасць сямейным традыцыям. У гэтым упэўніліся ўсе, хто прысутнічаў на рэгіянальным конкурсе «Шматдзетная сям’я года», які праходзіў на мінулым тыдні ў актавай зале гімназіі.

Яго ўдзельнікамі сталі пяць сямей. На сцэне разгарнулася сапраўднае саперніцтва: кожная сям’я імкнулася праявіць сябе з лепшага боку. Усе ўдзельнікі да выступлення рыхтаваліся сур’ёзна. Упэўніцца ў гэтым можна было ўжо ў першым конкурсным заданні — візітцы, падчас якога канкурсанты прадстаўлялі свой радавод.

Сям’я Савіцкіх з Ахрэмаўцаў — тата Леанід, маці Аксана і іх цудоўныя дзеткі Аляксей і Вольга (малыя блізняшкі Ксенія і Людміла засталіся дома) — выйшла на сцэну ў касцюмах пчол.

Гэта яскравае сведчанне не толькі добрых адносін паміж роднымі, але і іх працаздольнасці.

З цеплынёй і любоўю расказалі пра сямейныя традыцыі Валерый і Ала Пучынскія з Браслава, а дачка Ангеліна, сыны Кірыл і Захар ім дапамагалі.

Разам з сям’ёй Крот з Опсы — татам Міхаілам, маці Святланай і дзецьмі Аляксандрай, Даніілам і Марыяй — гледачы гарталі іх сямейны альбом.

Са сваімі генеалагічнымі каранямі пазнаёмілі прысутных слабадчане Эдуард і Алена Пухальскія і іх трое дзетак Данііл, Аліса і Пётр.

Прыгожую рамантычную гісторыю стварэння сваёй сям’і паказалі Яўген і Наталля Толсцік з Браслава і іх дзеткі Данііл, Валерыя і Марыя.

Цікавым было таксама і другое конкурснае заданне. Сем’ям-удзельніцам трэба было прадставіць сацыяльна значны праект «Мая краіна — мая сям’я» і прадэманстраваць актыўную жыццёвую пазіцыю дарослых і дзяцей, іх захапленні і поспехі. Трэба адзначыць, што ў кожнай сям’і ёсць свае адметныя рысы, інтарэсы і дасягненні.

Журы, якое ўзначаліла старшыня райсавета Ніна Пучынская, было нялёгка зрабіць выбар. Ніна Антонаўна пацвердзіла гэты факт, віншуючы ўдзельнікаў конкурса і дзякуючы ім.

У выніку ўсе сям’і былі адзначаны ў адпаведных намінацыях. Звання ж «Лепшая сям’я года» былі ўдастоены Пучынскія. Кожная сям’я атрымала падарункі ад спонсараў, у ролі якіх выступілі ПГУП «Сален-сэрвіс», ААТ «Віцебскхлебпрам», магазін «Еўраопт», ПГУП «Віталіч-Гандаль», ІП Юрый Казлоўскі і Пётр Руткоўскі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.