За вызваленне Браслаўшчыны 9 вайскоўцаў узнагароджаны ордэнам Славы

75 гадоў з дня вызвалення Беларусі
Вучні Кансталінскай школы ў выніку краязнаўчых даследаванняў выявілі 9 вайскоўцаў, якія атрымалі ганаровы ордэн Славы за гераічныя ўчынкі, здзейсненыя пры вызваленні Браслаўшчыны, і потым сталі яго поўнымі кавалерамі.
АД АДНОЙ УЗНАГАРОДЫ ДА ПОЎНАГА КАВАЛЕРА

Вайскоўцу і проста дасведчанаму чалавеку шмат кажа гэта званне: поўны кавалер ордэна Славы. Так называюць байцоў, што былі ўзнагароджаны паслядоўна ордэнам Славы ўсіх трох ступеней. Званне адпавядае Герою Савецкага Саюза. Забываць такіх асоб нельга, і таму дадзеныя радкі — даніна павагі гэтым мужным людзям. Сярод іх салдаты 6-й гвардзейскай арміі і 1-га танкавага корпуса, што прайшлі з баямі нашымі дарогамі летам 1944 г. Для некаторых гэта была першая ўзнагарода такога плана, для іншых — другая. Родам вайскоўцы з розных мясцін: з Расіі, Татарстана, Малдовы і Украіны. Часцей узнагароджваліся байцы стралковых дывізій і танкавага корпуса. На год уручэння ордэна воіны мелі ўзрост ад 20 да 34 гадоў. Яны ажыццявілі гераічныя дзеянні з 4 па 17 ліпеня ў ваколіцах вёсак Камарышкі, Абаб’е, Барадзінічы, Казяны, Плюсы і ў іншых населеных пунктах.

Два ўладальнікі ганаровай узнагароды загінулі яшчэ ў 1944 годзе, чацвёра памерлі ў 70-80-я гг. ХХ ст. Апошняга героя-вызваліцеля, Фёдара Бурцава, не стала зусім нядаўна — у кастрычніку мінулага года. У гонар гэтых мужных людзей названы вуліцы, устаноўлены мемарыяльныя дошкі і бюсты ў гарадах.

ХТО І ЗА ШТО АТРЫМАЎ ОРДЭН СЛАВЫ

Вядомы прозвішчы і імёны ўсіх 9 вайскоўцаў. Вось што пра іх слаўныя справы кажуць скупыя радкі ўзнагародных лістоў, запоўненых палкавымі пісарамі адразу пасля гарачых баёў. Так, механік-вадзіцель САУ-85 1437 самаходнага артылерыйскага палка Фёдар Бурцаў 6 ліпеня, прарываючы абарону гітлераўцаў пад Браславам і кіруючы ўстаноўкай, памайстэрску манеўраваў, у выніку чаго яна ліквідавала зенітную кулямётную ўстаноўку, 2 кулямётныя кропкі, гусеніцамі машыны было знішчана звыш 10 нямецкіх салдат і афіцэраў. За мужнасць і ўменні ў баях за вызваленне Беларусі камандзір артылерыйскага палка прадставіў 16 ліпеня Ф. Бурцава да ўзнагароджання ордэнам Славы 3 ступені.

Аўтаматчык Міхаіл Кашын 17 ліпеня 1944 года ў раёне в. Плюсы першым падняўся ў атаку, асабіста знішчыў 5 гітлераўцаў, вынес з поля бою параненага камандзіра і аказаў яму першую медыцынскую дапамогу. За гэта 3 жніўня спачатку яму быў уручаны ордэн Славы 3 ступені, а ў 1991 годзе яго пераўзнагародзілі ордэнам 2 ступені.

Разведчык 334-га стралковага палка Іван Салыгін у ноч на 10 ліпеня вёў разведку паблізу в. Камарышкі і разам з таварышамі захапіў нямецкага артылерыста, які даў каштоўныя звесткі. Быў узнагароджаны ў верасні 1944 года ордэнам Славы 2 ступені.

Камандзір аддзялення сувязі старшы сяржант Міхаіл Малкін 4 ліпеня ў в. Казяны пад агнём праціўніка асабіста ліквідаваў 14 прарываў тэлефоннай сувязі, а пасля з аддзяленнем — 40 прарываў пад населеным пунктам Салакас, чым забяспечыў надзейнае кіраванне войскамі. Узнагароджаны ордэнам Славы 3 ступені 21 ліпеня 1944 года.

Ордэн Славы другой ступені на Браслаўшчыне атрымаў і камандзір аддзялення аўтаматчыкаў 975- га стралковага палка Сямён Ілютовіч. У баях пад Слабодкай 7 ліпеня ён першым падняўся ў атаку, быў паранены, але застаўся ў страі. Цяжкія баі летам 1944 года ішлі каля Мяжан.

Разведчык 287-га стралковага палка Віктар Сальнікаў 9 ліпеня захапіў у палон «языка» і, нягледзячы на раненне, даставіў яго ў сваю вайсковую часць. За гэта 11 верасня 1944 года узнагароджаны ордэнам Славы 2 ступені.

Камандзір аддзялення 473-га стралковага палка Ягор Федчанкаў атрымаў ордэн Славы 2 ступені за тое, што падчас бою за в. Абаб’е прарваўся ў траншэю праціўніка, гранатай падавіў кулямёт і знішчыў 8 акупантаў.

Камандзір 45-міліметровай гарматы 437-га стралковага палка Цімур Назмутдзінаў (поўны кавалер ордэна Славы) 13 ліпеня ў баях за в. Дундары вывеў са строю варожы кулямётны разлік, забяспечыў прасоўванне сваіх стралкоў і ўзяцце вёскі, за што атрымаў ордэн Славы 3 ступені.

Разведчык 344-й асобнай разведвальнай роты Антон Чычык узнагароджаны ордэнам Славы 2 ступені за знішчэнне 3 немцаў і захоп афіцэра каля в. Румнішкі паблізу возера Карасіна. Загад аб узнагароджанні быў падпісаны 15 верасня 1944 года, аднак ордэн не быў уручаны байцу, бо 14 лістапада ён загінуў у баі ў Латвіі. А. Чычык стаў поўным кавалерам ордэна Славы пасмяротна. ■

Віктар БУНТА,

настаўнік Кансталінскага ЯСБШ.