Браслаўскія школьнікі з абласной алімпіяды прывезлі 9 дыпломаў

Актуальное
Завяршыўся трэці этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд сярод школьнікаў. Чарговы раз парадавала сваімі вынікамі каманда нашага раёна, якая прывезла дадому дзевяць пераможных дыпломаў — гэта адзін з лепшых вынікаў у вобласці.

Стартам для таленавітых вучняў Браслаўшчыны стаў раённы этап алімпіяды, які прайшоў па 16 прадметах. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела райвыканкама па адукацыі Ірына Мацук, па яго выніках прызёрамі сярод устаноў адукацыі сталі гімназія (29 дыпломаў), СШ № 1 (23), Ахрэмаўскі ЯССШ і СШ № 2 (11).

На падставе колькасці атрыманых балаў упраўленне адукацыі аблвыканкама запрасіла 21 вучня з Браслаўскага раёна паўдзельнічаць у абласным этапе прадметных алімпіяд.

У выніку скарбонку ўзнагарод нашых школьнікаў папоўнілі 2 абласныя дыпломы І ступені. Гэта вынік карпатлівай работы зладжанага тандэма — вопытнага педагога Друйскага ЯССШ Валянціны Кірчанка і адоранага вучня 11 класа Сяргея Смерцьева. Хлопец ужо ў мінулым годзе годна дэбютаваў на вобласці, а сёлета ўпэўнена зрабіў крок на вышэйшую прыступку. У лідары абласных інтэлектуальных спаборніцтваў выйшаў і вучань СШ № 1 Станіслаў Плясун. Васьмікласнік удзельнічаў у алімпіядзе па гісторыі за 10 клас і з лёгкасцю абышоў сваіх старэйшых канкурэнтаў. У гэтай перамозе, безумоўна, значная доля заслугі настаўніцы Людмілы Стэльмачонак.

Не першы год трымае лідзіруючыя пазіцыі ўжо выпускніца гімназіі Алена Волкава. Прыхільніца беларускай мовы і літаратуры, яна зноў парадавала сваю навучальную ўстанову і настаўніцу Аксану Сіўко дыпломам ІІ ступені.

З годнасцю вытрымала алімпіядны экзамен па рускай мове і літаратуры вучаніца 11 класа першай гарадской школы Вікторыя Стрыжко. Упартыя заняткі па прадмеце разам з настаўніцай Таццянай Літвінка дапамаглі дзяўчыне атрымаць дыплом ІІ ступені.

Удала дэбютаваў на алімпіядзе па матэматыцы вучань 8 класа гімназіі Антон Лібік. Гэта перамога — вынік карпатлівай работы хлопца з педагогам Алай Ганчаровай.

Парадавалі сваімі дыпломамі ІІІ ступені яшчэ адны зоркі алімпіяднага небасхілу: па матэматыцы — вучань 8 класа СШ № 2 Кірыл Ракіцкі, па гісторыі — выпускнік гімназіі Мікіта Халімаў, па грамадазнаўстве — вучаніца 10 класа другой гарадской школы Дар’я Майбарада і па працоўным навучанні — дзесяцікласнік Опсаўскага ЯССШ Уладзіслаў Цыўнель. Разам са сваімі педагогамі Вольгай Шчадровай, Таццянай Лапінскай, Марыяй Свірскай і Леанідам Стрыновічам адпаведна яны даказалі, што старанныя адносіны да вучобы прыводзяць да перамог.

— Аддзел райвыканкама па адукацыі, — кажа І. Мацук, — вельмі ўдзячны педагогам, вучням і іх бацькам за дасягнутыя поспехі і разуменне значнасці алімпіяднага руху.

На заключны рэспубліканскі этап інтэлектуальных спаборніцтваў адправяцца Сяргей Смерцьеў, Станіслаў Плясун, Вікторыя Стрыжко, Алена Волкава. Пажадаем нашым адораным юным браслаўчанам поспехаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.