Жыхары Відзаў падзяліліся меркаваннямі пра сваю малую радзіму

Год малой родины
У кожнага з нас ёсць куточак, дарагі сэрцу, месца, дзе чалавек нарадзіўся, жыве, працуе. Сёння «Браслаўская звязда» прапануе вам пазнаёміцца з апантанымі жыхарамі Відзаў і паслухаць, што яны раскажуць нам пра сваю малую радзіму.

Леанід Дзікцяроў, мясцовы краязнавец, выкладчык Відзаўскага каледжа, аўтар мультымедыйных праектаў і відэафільмаў пра населены пункт. Заснавальнік канала пра Відзы на YouTube.

— Я люблю свае Відзы перш за ўсё таму, што гэта радзіма дзядулі і маці. Тут прайшло маё дзяцінства і школьныя гады. Менавіта на Відзы прыпадае большая частка працоўнай дзейнасці. Як відзаўчанін ганаруся тым, што ў гэтым населеным пункце ёсць прыгожы і адзін з самых высокіх касцёлаў у Беларусі. Мясцовае возера я лічу адным з лепшых для адпачынку сярод іншых азёр Браслаўшчыны. Самы вядомы відзаўчанін — герой паўстання 1794 года Тамаш Ваўжэцкі. Аднак мы яшчэ мала ведаем пра гісторыю нашай мясцовасці. Каб запоўніць гэтую белую пляму, я ўзяўся за мультымедыйны праект «Відзы: гістарычныя дыялогі». У гэтай серыі было створана 9 фільмаў, а таксама «Падарожжа ў Відзы-Лаўчынскія», «Відзаўская школа: гісторыка-музычныя фота і відэазамалёўкі». Менавіта ў сваім родным мястэчку была знята пад маім кіраўніцтвам аматарская паўнаметражная відэастужка «Ты мне хто?!». Аглядваючыся назад у мінулае, можна з жалем канстатаваць, што Відзы страцілі сваю веліч у плане развіцця прамысловасці (зачынены ліманадны цэх, хлебазавод, спіртзавод, цагельны завод і інш). На сённяшні дзень градаўтваральным прадпрыемствам з’яўляецца каледж. Хацелася б верыць, што з цягам часу Відзы вернуць сабе гонар мясцовага гандлёвага цэнтра, займуць годную нішу ў турыстычнай сферы Браслаўшчыны і стануць больш прыцягальнымі для працы і жыцця моладзі.


Ірына Грыгор’ева, родам з вёскі Падворынка, але ўсё жыццё звязана з Відзамі. Тут скончыла школу, пасля атрымання спецыяльнасці харэографа вярнулася на працу ў Дом культуры. У 2017 годзе адзначана званнем «Лепшы па прафесіі» ў намінацыі «Культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне, СМІ».

— Я люблю Відзы. Папершае, гэта мае родныя, якіх я люблю і якімі ганаруся. Па-другое, гэта мой дом, месца, дзе я не толькі вырасла, але стварыла сваю сям’ю і жыву цяпер. Па-трэцяе, маляўнічая прырода, якая захапляе і натхняе. Па сваёй натуры я не жыхар мегаполіса, таму нават не думала пра тое, каб жыць у вялікім горадзе. Відзы для мяне — залатая сярэдзіна. Тут усё знаёмае і роднае, шмат сяброў. Я знайшла сваё прафесійнае прызванне ў Відзах. Яшчэ ў школе наведвала танцавальны гурток у Доме культуры, і гэта паўплывала на мой лёс. Я выбрала спецыяльнасць харэографа. Цяпер кірую дзіцячым танцавальным калектывам «Усмешка». Мне падабаецца працаваць з мясцовымі дзецьмі. Яны выхаваныя, няспешчаныя, паслухмяныя, ад іх на занятках ідзе поўная зацікаўленасць і самааддача. Што яшчэ мне патрэбна ў плане самарэалізацыі? Я працую па сваёй прафесіі і рэалізуюся ў ёй. Мая сям’я побач са мной. Дзеці вучацца ў мясцовай школе, растуць у прыгожым кутку Беларусі з цікавым гістарычным мінулым. Што будзе далей, не хочацца загадваць. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.