Браслаўскія школьнікі прымерылі ролі вучоных

Новости
Вынікі дзейнасці вучоных надзвычай цэняцца і выкарыстоўваюцца ў шматлікіх сферах дзейнасці людзей. Каб падкрэсліць іх важнасць для грамадства, у Беларусі заснаваны Дзень беларускай навукі, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня. У першай гарадской школе да гэтай даты прымеркавалі цэлы тыдзень.

У яго праграме былі прадстаўлены розныя прадметы, і кожны вучань мог паспрабаваць свае сілы ў пэўных відах дзейнасці.

Першы дзень прысвяцілі дакладным навукам. Інфармацыйныя і займальныя хвілінкі, прадметныя эстафеты, гульні-падарожжы, школьнае радыё — заняткаў хапала. Дзеці ахвотна шукалі фізіку вакол сябе і нават матэматыку ў паэзіі.

У аўторак школьнікі «прымерылі» на сябе ролі біёлагаў і хімікаў: малявалі экалагічныя знакі, разважалі над спосабамі ператварэння адходаў у даходы, праводзілі вопыты і кармілі птушак. Пакуль адны з цікавасцю слухалі супрацоўніка нацпарка, іншыя замацоўвалі здаровы лад жыцця ў танцавальным марафоне ды публікавалі ў Інстаграме здымкі мясцовых краявідаў.

Серада стала днём талентаў і магчымасцей. Вучні ўдзельнічалі ў школьным этапе рэспубліканскіх конкурсаў, а таксама праявілі свае здольнасці ў вывучэнні англійскай мовы.

Рухавыя перапынкі змяняліся квестам і гульнямі, самай жа запамінальнай і вясёлай стала спроба навучыць сваіх класных кіраўнікоў вымаўляць фразы па-англійску.

У чацвер настаў зорны час для знаўцаў беларускай і рускай моў. Школьнікі прапаноўвалі адчуць смак роднай мовы і дзяліліся рэцэптамі прыгатавання масленічных бліноў, называлі адметныя словы, шчыравалі як перакладчыкі і творцы.

Вельмі насычаным атрымаўся і пяты дзень, калі панавалі гісторыя і геаграфія. Тапонімы Браслаўшчыны і кухні народаў свету, музей у чамадане і віртуальная экскурсія — дзяцей чакалі цікавыя адкрыцці і пазнавальныя звесткі.

Падвялі вынікі гэтага незвычайнага навуковага марафону на традыцыйнай школьнай лінейцы, дзе дырэктар Тамара Стома ўручыла самым актыўным удзельнікам цэлы стос грамат. ■

Жанна БЯЛЬКО.