Стала вядома, якія падарункі рыхтуюць Браславу да «Дажынак»

Главное Дажынкі-2019 Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Актуальныя пытанні падрыхтоўкі Браслава да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі» абмеркавалі на пасяджэнні аднайменнага штаба.

Калі не акцэнтаваць увагу на стратэгічных накірунках, такіх як выкананне лінейных графікаў праектавання і будаўніцтва, то размова ў асноўным ішла пра адносна дробныя, але ад таго не менш значныя ініцыятывы.

«Падарунак любімаму гораду» — пачынанне карыснае і вельмі прыгожае. Мяркуючы па папярэдніх эскізах, непрыметныя дагэтуль гарадскія аб’екты сёлета стануць маленькімі цэнтрамі прыцягнення ўвагі. Гаворка ідзе пра калодзежы, лавачкі, прыпыначныя павільёны, малыя архітэктурныя формы, пляцоўкі і нават цэлыя вуліцы. Аб’екты ўжо папярэдне размеркаваны паміж буйнымі арганізацыямі Браслаўшчыны, і іх калектывы ў хуткім часе возьмуцца за справу, каб не да саміх «Дажынак», а раней парадаваць браслаўчан прыгажосцю і зручнасцю. Плануецца, напрыклад, што калодзежы, размешчаныя ўздоўж цэнтральных вуліц горада, добраўпарадкуюць у адзіным стылі. Вырабленыя ўласнымі сіламі мясцовых прадпрыемстваў і ўстаноў рознага кшталту аб’екты размесцяць альбо асобна, альбо групамі ў загадзя вызначаных месцах. Так, з улікам агульных дызайнерскіх рашэнняў павінны папрыгажэць парк па вуліцы Булойчыка, пляцоўка каля ЗАГСа, вул. Стадыённая, якая ўсё больш будзе падобнай на пешаходную. Не выключана, што ў горадзе будзе створана сучасная і зручная сістэма нагляднай навігацыі.

Дарэчы, пра падарункі. Жыхары дома № 55Б, што па Садовай, ужо праявілі ўласную ініцыятыву і яшчэ з восені пачалі добраўпарадкоўваць свой двор. Прыклад, безумоўна, варты пераймання. Такія падыходы высока цэняць у райвыканкаме і прапануюць людзям крокі насустрач. Адным з такіх можа стаць сучасная спартыўная пляцоўка. Цяпер ідзе абмеркаванне варыянтаў для яе размяшчэння. З матэрыяламі і буйнымі работамі абяцаюць дапамагчы гарадскія арганізацыі і спонсары. Такі вось прыклад партнёрства. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.