Уласная ферма і 200 гектараў зямлі. Рэпартаж з гаспадаркі Аляксандра Казлоўскага

Главное Деньги
У пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь атрымала незалежнасць, кіраўніцтвам краіны было прынята рашэнне памяняць структуру сельскагаспадарчай вытворчасці, у якой нараўне з калгасамі і саўгасамі ставілася задача даць штуршок развіццю фермерскіх гаспадарак.

Гэтая ідэя прыйшлася даспадобы тады лепшаму даяру раёна і калгаса імя Кірава Аляксандру Казлоўскаму. Была ў яго і надзейная база для адкрыцця сваёй справы: моцная ўласная падсобная гаспадарка. Пачынаючы фермер першым падаў у райвыканкам заяву на атрыманне ў карыстанне зямлі. Разлічваў хутка аформіць неабходныя дакументы і прыступіць да рэалізацыі задуманага. Аднак справу пастаянна «тармазілі». Не заўсёды разумелі Аляксандра і калгаснікі, якія пад націскам праўлення некалькі разоў на агульных сходах галасавалі супраць выдзялення фермеру зямлі.

Урэшце, праз 16 гадоў А. Казлоўскі атрымаў дакументы на валоданне зямельным участкам у 59 га, з якіх 34 былі сельгасугоддзі. У сваіх планах малады фермер аддаваў прыярытэты вытворчасці малака і вырошчванню бульбы.

Увогуле, пра тое, як Аляксандр Казлоўскі тады выбіваў у прамым сэнсе гэтага слова права на валоданне зямлёй, атрыманне крэдытаў на пакупку тэхнікі ці будаўніцтва фермы, можна напісаць цэлую аповесць. Аднак гэта справа ўжо даўно мінулых дзён, ды і сам фермер успамінаць пра былыя часы не любіць.

Сёння ж А. Казлоўскі мае 200 га зямлі, з іх ворыўнай каля 170 га. Асноўнай яго дзейнасцю застаецца вырошчванне БРЖ і вытворчасць малака.

Статак у 60 галоў дае неблагі прыбытак, але старая ферма не забяспечвала ўсіх патрэб. Пабудаваў яе Аляксандр Мікалаевіч яшчэ на пачатку сваёй фермерскай дзейнасці. Прычым, адзначу, не прывык ён звяртацца па дапамогу да старонніх людзей: усё рабілася сямейным падрадам. — Сям’ю Бог даў вялікую — сямёра дзяцей, — кажа Аляксандр Мікалаевіч і тут жа з гонарам удакладняе: — Пяць хлопцаў і дзве дзяўчынкі. Усе яны раслі працавітымі і не цураліся цяжкай сельскагаспадарчай працы. Мы разам аралі, сеялі, касілі і сушылі, даглядалі жывёлу. Ніхто ніколі не дзяліў працу на мужчынскую і жаночую, на тваю і маю.

Дзеці Казлоўскіх ужо выраслі, атрымалі адукацыю, вылецелі з сямейнага гнязда, і кожны самастойна крочыць па сваім жыццёвым шляху. Але і сёння ўсе яны абавязкова праводзяць водпуск на малой радзіме, у бацькі, дапамагаюць рабіць тую добра вядомую ім працу — развіваць фермерскую гаспадарку. Так, так, менавіта развіваць, а не весці, бо Аляксандр Мікалаевіч не мае намеру таптацца на месцы, ён заўсёды імкнецца пераабсталяваць, зрабіць свой бізнес больш прыбытковым і камфортным.

Тым больш што ў фермера ёсць надзейная апора. Два сыны, Іван і Леанід, жывуць і працуюць разам з Аляксандрам. Лёню бацька заве гаспадаром.

— Ён галоўны па гаспадарцы, — кажа Аляксандр Мікалаевіч, — у час накарміць жывёлу, прыбрацца, падаіць — яго галоўная місія. Сын за дзень сто разоў па кароўніку пройдзе, кожнай жывёле ў вочы загляне, адрознівае іх не толькі знешне, а і па характары.

Іван жа — правая бацькава рука. Аляксандр Казлоўскі не без гонару адзначае, што той умее выканаць любую работу на выдатна: нескладана яму як падаіць карову, так і трактар адрамантаваць, будаўніцтва ўвогуле яго канёк.

Можа ён, калі трэба, і вялікай гаспадаркай кіраваць. Бацька з усмешкай называе сына сваім замам. Між тым Іван даўно жанаты і мае трох дзетак. Яго жонка Надзея з часам таксама ўцягнулася ў фермерскі быт, цяпер яна ўзяла на сябе частку абавязкаў: корміць жывёлу, доіць яе, вырабляе смятану, масла, тварог і сыр на продаж, а таксама завіхаецца па доме, клапоцячыся пра дзяцей і трох мужчын. Дарэчы, штодзень ад сваіх рагатых карміліц А. Казлоўскі атрымлівае каля 550 літраў малака, якое ў натуральным выглядзе або перапрацаванае прывозіць у Браслаў. Тут яго чакаюць ужо свае пакупнікі, якія аддаюць перавагу экалагічнай фермерскай прадукцыі. Перажывае Аляксандр Мікалаевіч толькі за тое, што яго кліенты пераважна людзі сталага ўзросту.

— Не сказаў бы, што маладыя адмаўляюцца ад хатняй смятаны ці сыру, — разважае А. Казлоўскі, — але ж чамусьці ў чарзе стаяць рэдка. Хоць, думаю, адказ знаходзіцца на паверхні. У нашым хуткім стагоддзі ўсе прывыклі рабіць пакупкі ў больш звыклым месцы, напрыклад, супермаркеце, бо там, не марнуючы часу, можна набыць адразу ўсё патрэбнае.

Самай жа значнай падзеяй сённяшняга жыцця Аляксандра Казлоўскага з’яўляецца завяршэнне будаўніцтва новай сучаснай фермы. Старая калісьці была цёплай і ўтульнай, але з цягам часу стала разбурацца, там ужо цесна ўзросламу пагалоўю, таму ўзнікла вострая патрэба ў новым памяшканні, дзе і жывёле будзе добра, і гаспадар зможа працаваць з задавальненнем.

Аляксандр разам з сынамі пачаў будоўлю ў верасні 2017 года, да пачатку моцных маразоў яны выкапалі і залілі падмурак ды ўзвялі сцены. Вясной паралельна з будаўніцтвам пачаліся палявыя работы, што ўскладніла сітуацыю і замарудзіла час здачы аб’екта. Але Казлоўскія не апускалі рук, а наадварот, імкнуліся рабіць усё ўдвая хутчэй, каб да зімы адзначыць наваселле. Амаль кожныя выхадныя з’язджаліся дзеці Аляксандра з розных куткоў Беларусі, бралі водпускі, каб дапамагчы бацьку. І вось у снежні галоўны статак перасяліўся ў светлы прасторны «дом».

Безумоўна, зрабіць яшчэ патрэбна многае. У Аляксандра Мікалаевіча планы, трэба сказаць, напалеонаўскія. У будынку фермы будзе туалет, душавая, пральня і пакой для адпачынку, а самае галоўнае, нарэшце з’явіцца сучасны малакапровад і халадзільнае абсталяванне, што дазволіць атрымліваць малако сортам экстра. Гэта значыць, чалавечая праца аблегчыцца, а прыбытак можа ўзрасці ў разы.

Калі фермер вадзіў па сваім дзецішчы, то з агеньчыкамі ў вачах сказаў: «Ведаеце, менавіта пра такую ферму, цёплую, светлую і прасторную, з малакапровадам і халадзільным абсталяваннем, я марыў з тых далёкіх 90-х гадоў». ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.