Знакаміты акцёр з фільма «Брыльянтавая рука» ўдзельнічаў у баях за вызваленне Браслаўшчыны

Вялікай Перамозе - 76 Главное
У фільме «Брыльянтавая рука» ў ролі сімпатычнага лейтэнанта міліцыі Валодзі зняўся заслужаны артыст Расіі Уладзімір Гуляеў. Але мала хто ведае, што ён у гады Вялікай Айчыннай вайны быў лётчыкам 826-га Віцебскага Чырванасцяжнага ордэна Кутузава штурмавога авіяпалка 335-й Віцебскай ордэна Леніна Чырванасцяжнай ордэна Суворава штурмавой авіядывізіі і ўдзельнічаў у баях за вызваленне Браслаўшчыны.

Такія вывады можна зрабіць на падставе звестак сайта гістарычных дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны «Памяць народа», а таксама паводле мемуараў самога У. Гуляева «У паветры — “ілы”».

Першыя яго вылеты былі скіраваны на штурм чыгуначных станцый Лоўша, Обаль і Гараны па дарозе Віцебск — Полацк. Асабліва дасталася ворагам ад удараў У. Гуляева ў Обалі. Нягледзячы на тое, што станцыя прыкрывалася чатырма зенітнымі батарэямі ды яшчэ дзвюма на падыходзе да яе, Гуляеў за некалькі заходаў пашкодзіў нямецкі эшалон.

Пасля гэтага вопытны пілот удзельнічаў у Полацкай наступальнай аперацыі, падчас якой штурмаваў нямецкія калоны і пазіцыі ў раёне Глыбокага, Дунілавічаў, Баравухі, Дзісны, Бігосава. У пачатку ліпеня У. Гуляеў бамбіць ворага на паўночна-заходняй ускраіне Полацка і ўдзельнічае ў разгроме нямецкай калоны на дарозе Дрыса (Верхнядзвінск) — Друя. У выніку гэтага знішчальнага ўдару немцы страцілі 535 аўтамашын і рачную баржу. Нягледзячы на тое, што вораг нёс такія вялізныя страты і адступаў, палёты для нашых штурмавікоў былі зусім не паляўнічай прагулкай. Неба літаральна рвалі на шматкі нямецкія зеніткі, у аблоках пастаянна гойсалі «фокеры» і «месеры». І кожны раз камусьці з лётчыкаў дывізіі не было наканавана вярнуцца на родны аэрадром. Тым часам экіпаж Гуляева лёс уратаваў ад смерці.

Акрамя дакладных звестак пра ўдзел будучага вядомага акцёра ў баях пад Друяй, вельмі верагодны і другі бой: згодна з журналамі баявых дзеянняў 16 ліпеня 1944 года 826-ы авіяполк граміў ворага ў ваколіцах Сіленэ (тады Бароўкай) ля нашых Урбан. ■

Віктар БУНТА,

настаўнік Кансталінскага ЯСБШ.