75 гадоў з дня вызвалення Беларусі. Ордэн Славы 3 ступені

Вялікай Перамозе - 76
Сярод экспанатаў калекцыі фалерыстыкі ў фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў асобнае месца займаюць баявыя ўзнагароды. За кожнай — свая гісторыя і чалавечы лёс…

Аднак сярод шматлікіх ордэнаў і медалёў ёсць адзінкі, уладальнікі якіх невядомыя. Так, напрыклад, ордэн Славы 3 ступені. Ён уяўляе пяціканцовую зорку, паверхня прамянёў якой злёгку выпуклая. На адным баку ў сярэдняй частцы зоркі — круг-медальён з рэльефнай выявай Крамля са Спаскай вежай у цэнтры. Па акружнасці медальёна — лаўровы вянок. У ніжняй частцы круга выпуклы надпіс «СЛАВА» на чырвонай эмалевай стужачцы. Цікава, што першапачаткова салдацкі ордэн хацелі назваць імем Баграціёна. Групай з дзевяці мастакоў было распрацавана 26 эскізаў, але адабралі толькі 4 і іх паказалі Іосіфу Сталіну. Сказаўшы, што перамогі не бывае без славы, ён прапанаваў называць узнагароду ордэнам Славы. Ордэн складаецца з трох ступеняў — I, II і III. Вышэйшая — першая. Узнагароджанне адбывалася паслядоўна.

Ордэнам узнагароджваліся вайскоўцы радавога складу, сяржанты і старшыны Чырвонай Арміі, а ў авіяцыі — асобы, якія мелі званне малодшага лейтэнанта. Уручаўся ён толькі за асабістыя заслугі. За што давалі такую ўзнагароду? Напрыклад, вайсковец у хвіліну небяспекі выратаваў сцяг сваёй часткі ад захопу, знішчыў ручнымі гранатамі на полі бою або ў тыле ворага ад аднаго да трох танкаў, у выніку асабістай разведкі выявіў слабыя месцы абароны праціўніка і вывеў нашы войскі ў яго тыл, асабіста захапіў у палон варожага афіцэра, грэбуючы ўласнай бяспекай, у баі захапіў няпрыяцельскі сцяг, паранены, пасля перавязкі зноў вярнуўся ў строй, знаходзячыся ў разведцы, здабыў каштоўныя звесткі пра ворага і г. д.

Словам, за якую б заслугу ні ўручылі ордэн Славы, мець яго было вельмі пачэсна. У калекцыю музея ўзнагарода трапіла ў 1987 году ад браслаўчаніна Сяргея Прошкі. Шкада, што нам не вядома імя ўладальніка і яго лёс. Аднак, несумненна, ён унёс важкі ўклад у набліжэнне агульнай Перамогі, а гэты невялікі ордэн і праз гады сведчыць пра мужнасць і гераізм вайскоўца. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.