Пра што пісала «Браслаўская звязда» 35 гадоў таму назад (студзень 1984-га)

Калейдоскоп
НА ПРЫКЛАДЗЕ РОДНАЙ ВЁСКІ

Той, хто даўно не быў у Дрысвятах, наведаўшыся сюды сёння, можа не пазнаць іх: настолькі вялікія змены адбыліся тут. Апранулася ў асфальт галоўная вуліца, пачаў дзейнічаць водаправод, пабудаваны гандлёвы цэнтр і два 8-кватэрныя жылыя дамы, значна пашырылася тэлефонная сувязь. Члены агіткалектыву, які актыўна ўключыўся ў кампанію па выбарах у Вярхоўны Савет СССР, лічаць, што прыклад роднай вёскі — лепшы агітатар за наша савецкае народаўладдзе.

ЦЕСНА ГРУЗАМ НА СТАНЦЫІ

На станцыі «Друя» з кожным годам расце колькасць грузаў. Толькі для МПМК-19 летась чыгуначнікі даставілі іх у 6 разоў больш, чым у 1968 г. А плошча таварнай станцыі застаецца ранейшай. Даводзіцца выгружаць вугаль, вапну, керамзіт, цэглу, шчэбень амаль што ў адну кучу. Будматэрыялы змешваюцца, трацяць якасць, ды і вывазка ўскладняецца. Група народнага кантролю прапануе адпаведным органам падумаць пра пашырэнне тэрыторыі станцыі.

ПЕРШЫ КРОК

Часам нават сярод ночы тэлефонны званок разбудзіць суседзяў ветурача калгаса імя Заслонава Рамуальда Паляка, а бывае, пастукаюць яму ў акно. Малады спецыяліст у лічаныя хвіліны збіраецца ў дарогу, сумка з медыкаментамі ў яго заўсёды напагатове. Камсамолец Р. Паляк толькі першы год працуе ў гаспадарцы, пачаўшы тут сваю працоўную біяграфію. І здаецца, што Рамуальду ўдаўся яго першы крок: ідуць да яго людзі за парадай, за дапамогай.

ДАРАГОЕ ДЗІВА

Не за гарамі, не за марамі, а ў бары Богінскага лясніцтва ёсць дзіўнае дзіва. Мясцовыя па грыбы ці маліны прыходзяць, натыкаюцца на яго і рукамі разводзяць. Хто жыхар замшэлага гмаху без вокнаў, дзвярэй і даху? Калісьці ж бачылі людзі ладны новы зруб плошчай 77 м2 . А плаціў за яго Зарацкі дом-інтэрнат для састарэлых, ды перадумалі там жыллё для старых расшыраць, рукой махнулі: хай сабе грошы гарам гараць. Не бяда, што сума паўтары тысячы з гакам, не з уласнай жа кішэні, а з дзяржаўнай.

АБ’ЯВЫ

– Праўленне Браслаўскага райспажыўсаюза мае магчымасць прадаць без чаргі аўтамашыны марак ВАЗ 2121-«Ніва», ЗАЗ968, «Масквіч» 2140, 412.

– Да ведама кіраўнікоў прафсаюзных камітэтаў, калгасаў, саўгасаў, арганізацый! Браслаўскае бюро падарожжаў і экскурсій арганізуе 5-дзённую аўтобусную экскурсію ў сталіцу нашай Радзімы — горад-герой Маскву, якая адбудзецца з 7 па 14 студзеня 1984 года.

НОВАЯ ВУЛІЦА

Новая вуліца з’явіцца на карце нашага горада. Праўда, пакуль яна існуе толькі ў планах забудоўшчыкаў, але ўжо мае назву. Вуліца будзе насіць імя славутага рускага пісьменніка Івана Сяргеевіча Тургенева. А праляжа яна на паўночна-ўсходняй ускраіне Браслава ў раёне індывідуальнай забудовы. Пройдуць два-тры гады — і вуліца імя І. С. Тургенева стане явай, яе ўпрыгожаць новыя дамы, сады, кветнікі.

КЛУБ ВЕТЭРАНАЎ

Пры раённым Доме культуры ствараецца клуб ветэранаў. Мэта яго — ушанаванне воінаў, якія 40 гадоў таму назад вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, выхаванне на іх прыкладзе маладога пакалення. Пакуль клуб перажывае арганізацыйную стадыю. У пачатку лютага адбудзецца першае яго пасяджэнне. Супрацоўнікі Дома культуры запрашаюць прыняць у ім удзел усіх браслаўчан — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

ДАМЫ-ХАЛАДЗІЛЬНІКІ

Сёлета, кажуць, зіма цёплая. Мабыць, і так, калі валёнкі абуць ды кажух добры надзець, а спаць пад дзвюма пуховымі коўдрамі — печы ж няма. Як можна здагадацца, размова ідзе пра сучасную кватэру, што прынята называць жыллём з усімі выгодамі. Кватэры ж гэтыя знаходзяцца ў Відзах па вуліцы Браслаўскай. Восем гадоў жывуць там людзі, а цяпла яшчэ не адчувалі. Гэтай жа зімой хоць ваўкоў ганяй: у батарэй нават прыкмет няма, што яны грэюцца. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.