Школа актыўнага грамадзяніна: старшакласнікі СШ №2 абмеркавалі актуальныя тэмы

Новости
З пачатку навучальнага года ва ўстановах адукацыі Беларусі дзейнічае школа актыўнага грамадзяніна, дзе старшакласнікі сустракаюцца з прадстаўнікамі сістэмы дзяржаўнага кіравання, дэпутатамі і грамадскімі дзеячамі.

Кожны чацвёрты чацвер месяца ў рамках правядзення адзінага дня інфармавання вучні глыбей знаёмяцца з гісторыяй сваёй краіны і дзейнасцю мясцовых органаў улады, арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама рыхтуюцца да актыўнага грамадзянскага жыцця.

Напрыканцы мінулага года адбыўся ўжо чацвёрты адзіны дзень інфармавання, прысвечаны гэты раз тэме «Будучае Беларусі — гэта мы!». На сустрэчу з вучнямі другой гарадской школы запрасілі намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце «ПМК-42» Антаніну Жойдзь.

Першы інфармацыйны блок прысвячаўся дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Галіна Шыдлоўская разам з прысутнымі абмеркавалі значэнне і неабходнасць маштабнага мерапрыемства. А вучаніца класа МНС Злата Юркевіч расказала пра дзейнасць сваіх аднакласнікаў у накірунку дабрачыннасці. Так, разам з супрацоўнікамі РАНС яны аказвалі дапамогу адзінокім людзям, інвалідам і шматдзетным сем’ям у апрацоўцы агародаў, зборы ўраджаю, складзіраванні дроў, падчас рэйдаў школьнікі яшчэ чысцілі бульбу і прасавалі бялізну. Шмат цікавых мерапрыемстваў правялі яны з навучэнцамі ЦКРНіР. А для таго, каб дапамагчы маленькай дзяўчынцы сабраць грошы на лячэнне, вучні класа МНС пад кіраўніцтвам свайго класнага зварылі і прадавалі мыла. Потым на рахунак хворай дзяўчынкі перавялі 25 рублёў. Штодзень сваімі справамі дзейныя навучэнцы даказваюць, што рабіць дабро не складана.

У другім інфармацыйным блоку старшакласнікі ўзгадалі яскравыя дні правядзення Еўрабачання ў Мінску.

Затым А. Жойдзь расказала прысутным пра будаўнічую дзейнасць «ПМК-42». У прыватнасці, яна адзначыла, што большасць будынкаў і дамоў у раёне ўзведзена работнікамі гэтай арганізацыі. І цяпер перад імі стаіць важная і маштабная задача — адрамантаваць і добраўпарадкаваць шмат аб’ектаў нашага горада да абласного свята «Дажынкі».

Як адзначыла Г. Шыдлоўская, такія заняткі даюць магчымасць абмеркаваць са старшакласнікамі актуальныя тэмы, навучыць школьнікаў правільна выказваць сваё меркаванне, а таксама дапамагаюць ім рабіць упэўненыя крокі да фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.