100 год БССР. Падмурак для сучаснай беларускай дзяржаўнасці

100 лет БССР Актуальное
У першы дзень 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. БССР — цэлая эпоха ў нашай гісторыі, яна праіснавала амаль усё ХХ стагоддзе і стала падмуркам для сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
У першыя дні новага года гэтая значная дата стала тэмай інфармацыйнай гадзіны для вучняў першай гарадской школы. З асноўнымі гістарычнымі вехамі савецкай рэспублікі старшакласнікаў пазнаёмілі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі.

ЯК ГЭТА БЫЛО

Станаўленне маладой Беларусі праходзіла ў складанай палітычнай і эканамічнай абстаноўцы. Тым не менш з адсталай аграрнай ускраіны царскай Расіі яна ператварылася ў высокаразвітую індустрыяльна-аграрную савецкую рэспубліку. У складзе СССР Беларусь была паўнавартаснай дзяржавай са сваімі органамі ўлады, навуковымі інстытутамі, сістэмай вышэйшай адукацыі, якаснай аховай здароўя, развітай сферай культуры і спорту. Мы не павінны забываць, што БССР стала краінай — заснавальніцай ААН, настолькі далёка заходзіла яе міжнароднае прызнанне.

НА КАРЫСЦЬ СВАЁЙ КРАІНЫ

Немагчыма ўявіць летапіс гісторыі БССР без некаторых вядомых палітычных кіраўнікоў.

КІРЫЛ МАЗУРАЎ. Першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі ён быў прызначаны ў ліпені 1956 года і прабыў на пасадзе амаль 11 гадоў. За гэты час цалкам завяршылася прамысловае, культурнае і архітэктурнае аднаўленне Мінска, быў упершыню паспяхова праведзены Сусветны форум дэмакратычнай моладзі. Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле Кірыла Мазурава ў 50-60 гады на эканамічнай карце БССР узніклі шматлікія камбінаты, заводы, электрастанцыі, уступіла ў дзеянне газавая магістраль. Сельская гаспадарка папоўнілася новымі крыніцамі энергіі, больш эфектыўнымі відамі сельскагаспадарчай тэхнікі, багатымі запасамі мінеральных угнаенняў. Рэалізацыя вызначаных планаў адбывалася разам з газіфікацыяй гарадоў і іншых населеных пунктаў, развіццём жыллёвага будаўніцтва, чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту.

ПЁТР МАШЭРАЎ. Узначаліў Кампартыю Беларусі ў сакавіку 1965 года. За 15 гадоў яго кіравання ў рэспубліцы ўзрос нацыянальны даход, павялічылася валавая вытворчасць прамысловай прадукцыі, навукова-тэхнічны патэнцыял падняўся да сусветнага ўзроўню. Беларусь за кароткі гістарычны тэрмін стала рэспублікай высокаразвітай індустрыі, буйной высокапрадукцыйнай сельскай гаспадаркі, перадавой навукі і культуры. П. Машэраў таксама заўсёды памятаў пра вайну, імкнуўся ўвекавечыць подзвіг загінулых. Пры ім пабудаваны знакамітыя мемарыялы «Хатынь» і «Прарыў», узведзены Курган Славы, Мінску прысвоена званне «горад-герой». ■

Падрыхтавала Алена ПЯТУШКА.