Творчыя здольнасці і стараннасць прынеслі Косцю Шыліну перамогу ў конкурсе дзіцячых малюнкаў

Люди
У лістападзе праводзіўся рэспубліканскі конкурс дзіцячых малюнкаў на тэму «Падземныя скарбы зямлі», прымеркаваны да III Еўразійскага горна-геалагічнага форуму. Мерапрыемства арганізавалі пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з мэтай папулярызацыі ў моладзі геалогіі і школы «Юнага геолага».

Вучань 4 класа Плюскага яслі-сад — базавай школы Канстанцін Шылін, які займаецца ў творчым аб’яднанні «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», актыўна ўключыўся ў працу. У выніку на конкурс адправілі два малюнкі — «Юныя геолагі» і «Скарбы Беларусі». З 245 работ, дасланых на конкурс з розных куткоў Беларусі, нашы два творы прайшлі ў другі этап. Журы высока ацаніла малюнкі Косці, якія былі размешчаны разам з іншымі лепшымі работамі на выставе, арганізаванай у Нацыянальнай бібліятэцы падчас правядзення Еўразійскага горна-геалагічнага форуму.

Ад кіраўніцтва конкурсу Канстанцін і яго творчы кіраўнік атрымалі запрашэнне ў Мінск на цырымонію ўзнагароджання. Ва ўрачыстай абстаноўцы нашаму навучэнцу ўручылі дыплом пераможцы, падарункі і сувеніры форуму, яго педагогу — падзяку за падрыхтоўку канкурсанта.

Потым для пераможцаў была арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы з наведваннем агляднай пляцоўкі. Мерапрыемства прайшло ўрачыста, ярка і запамінальна. Канстанцін даведаўся пра дзейнасць дзіцячага беларускага клуба «Юны геолаг» і стаў яго членам. Цяпер хлопчык марыць стаць спецыялістам па вывучэнні, пошуку і разведцы радовішчаў карысных выкапняў. ■

Алена НАСКО,

намеснік дырэктара Плюскага ЯСБШ.