На базе першай гарадской школы адбыўся семінар па арганізацыі шостага дня

Новости
У свой час увядзенне шостага школьнага дня выклікала шмат дыскусій: адны сцвярджалі, што ў суботу дзеці павінны адпачываць дома, іншыя ж даводзілі неабходнасць арганізацыі вольнага часу вучняў праз мерапрыемствы, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя святы і конкурсы. Цяпер яго значнасць ужо не аспрэчваецца, а педагогі ў сваёй рабоце арыентуюцца на нарматыўныя прававыя дакументы Мінадукацыі аб удасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня. Праўда, калі ў адных установах па суботах віруе жыццё і дзеці ахвотна туды ідуць, то ў іншых сустракаюцца часам выпадкі фармальнага падыходу. Як пазбегнуць негатыўных момантаў і ўдасканаліць дзейнасць у шосты дзень, абмеркавалі ўдзельнікі раённага метадычнага аб’яднання дырэктараў школ, што прайшло на базе СШ № 1.

Першая гарадская школа была выбрана невыпадкова: тут усе падыходы да выхаваўчага працэсу скіраваны на тое, каб у шосты дзень дзецям было цікава, а шматлікія мерапрыемствы прыносілі вучням карысць. Пад кіраўніцтвам вопытнага дырэктара зладжаная каманда ў складзе намеснікаў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, педагога-арганізатара і педагога-псіхолага арганізуе дзейнасць калектыву, імкнучыся, каб суботняе школьнае жыццё было насычаным і разнастайным.

Метадычнае аб’яднанне праходзіла ў фармаце семінара-практыкума. Напачатку загадчык вучэбна-метадычнага кабінета райаддзела па адукацыі Святлана Кук’ян і дырэктар школы Тамара Стома спыніліся на асаблівасцях арганізацыі работы ў суботу. Паколькі ўдзельнікам мерапрыемства, безумоўна, было цікава пытанне павышэння кіраўніцкай кампетэнцыі, Т. Стома і намеснік па выхаваўчай рабоце Тэрэза Станіслаўчык прадставілі школьную сістэму ўнутранага кантролю арганізацыі і напаўнення шостага дня — дакументацыя дазваляе лепш зразумець працэс. Але самай насычанай стала практычная частка семінара, падчас якой госці наведалі мерапрыемствы, што праходзілі ва ўстанове адукацыі. І паглядзець там было на што!

У актавай зале разгарнуўся маркет «Бяспечныя канікулы», у якім прынялі самы актыўны ўдзел вучні 3-х класаў і іх бацькі, прадстаўнікі РАНС, АСВОДа, РАУС, ЦРБ.

Тэме бяспекі і адказнасці таксама была прысвечана і інтэлектуальная гульня: на яе сабраліся каманды 8 — 11 класаў. Калектыўныя творчыя справы пад агульнай назвай «Дабро робім разам» аб’ядналі навучэнцаў з 4-х класаў па 11-ы, многія з якіх прыйшлі з бацькамі і з іх дапамогай рабілі святочныя сувеніры для ветэранаў і адзінокіх састарэлых людзей, а таксама дыдактычныя матэрыялы дашкольнікам — будучым першакласнікам. Некаторыя пяцікласнікі і шасцікласнікі з татамі, як звычайна, завіхаліся ў майстэрні над новым вырабам — драўляным падсвечнікам, а іншыя ў каляднай гасцёўні варажылі на будучы год.

Паколькі ў СШ № 1 пільная ўвага надаецца пытанням прафесійнай арыентацыі, тут увайшлі ў практыку прафпробы. Гэтым разам да вучняў 8 — 9 класаў завіталі бібліятэкар і супрацоўніца музея, якія расказалі пра сваю работу і правялі майстар-класы.

А яшчэ працавалі творчыя і спартыўныя гурткі, навучэнцы займаліся на факультатывах і кансультаваліся з настаўнікамі-прадметнікамі, у школе юнага генія поўным ходам ішла падрыхтоўка будучых першакласнікаў да навучання. Адным словам, звычайны суботні дзень у першай гарадской школе…

Удзельнікі семінара высока ацанілі дзейнасць педагогаў СШ № 1 па напаўненні шостага дня, а таксама адзначылі ролю дырэктара школы як каардынатара і арганізатара. Прысутным прыйшлася даспадобы насычаная суботняя праграма, займальныя мерапрыемствы з вялікай колькасцю актыўных дзяцей, у тым ліку тых, якія знаходзяцца на розных відах уліку, цеснае супрацоўніцтва з бацькамі, дабрачынны характар многіх акцый і, галоўнае, тое, што заняткі вучням па душы. Сапраўды, такі вопыт варты ўвагі. ■

Жанна БЯЛЬКО.