«Нават і не ведаю, што без яе рабіла б». Пад апекай сацработніка Алы Тарас — восем адзінокіх пенсіянераў

Новости
Ала Тарас — адна з тых людзей, хто выбраў нялёгкую, але высакародную справу — дапамагаць іншым.

Амаль 30 гадоў яна абслугоўвае адзінокіх састарэлых. У летнюю спёку ці зімовыя маразы, у любое надвор’е спяшаецца сацыяльны работнік да сваіх бабуль і дзядуляў, каб дапамагчы ім фізічна і маральна. А яны чакаюць сваю Алу з нецярпеннем, бо ведаюць, што абавязкова прыйдзе і вырашыць многія праблемы.

Свой працоўны дзень А. Тарас пачынае з тэлефонных званкоў да сваіх падапечных, каб саставіць спіс, каму што патрэбна купіць. Пад апекай сацработніка восем пенсіянераў, якія жывуць у розных куточках Браслава. Таму, як заўважае суразмоўніца, без веласіпеда, які, дарэчы, выдзеліў ТЦСАН, не абысціся.

Са спісам Ала Яўгенаўна выпраўляецца ў дарогу. Трэба аб’ехаць некалькі магазінаў, бо адным патрэбны прадукты толькі з «Еўраопта», другім — з «Маяка», іншыя хочуць булачкі з «Віталіча». Да таго яшчэ і ў аптэку неабходна зазірнуць. І з некалькімі поўнымі сумкамі жанчына накіроўваецца да «сваіх» пенсіянераў.

Разам з А. Тарас завітала да яе падапечнай Галіны Ткачовай. Седзячы ў хаце, асабліва зімой, жанчына з раніцы да вечара можа чакаць, калі да яе хто прыйдзе, каб разбавіць адзіноту і проста пагаварыць. Са шчырымі словамі падзякі яна расказвае пра свайго «добрага анёла»:

— Нават і не ведаю, што без яе рабіла б. Прадукты прынясе, лекі закупіць, камунальныя паслугі аплаціць, у хаце прыбярэ. Сацыяльны работнік — адзінае выратаванне для такіх бездапаможных, як я.

І за ўтварэнне гэтай службы вялікая ўдзячнасць нашаму ўраду і дзяржаве. І сапраўды, толькі на месцы, гледзячы ў састарэлыя вочы, разумееш важнасць дапамогі сацыяльнай службы нямоглым і адзінокім пенсіянерам.

— Работа мая нялёгкая, — прызнаецца А. Тарас, — прыходзіцца пакруціцца. Ды і кожны з падапечных мае свой характар і звычкі, і да ўсіх трэба знайсці ключык. Тым не менш з цягам часу яны сталі для мяне як родныя.

У сацыяльнай службе выпадковых работнікаў няма. Тут могуць працаваць толькі людзі добразычлівыя, спагадлівыя і міласэрныя, як Ала Тарас. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.