Як браслаўскі РКБА вытрымлівае канкурэнцыю з боку прыватнага бізнесу

Экономика и финансы

На здымку: За 30 гадоў бесперапыннага стажу абутніка Іван Бальс заўжды чуе толькі станоўчыя водгукі ад шматлікіх кліентаў і кіраўніцтва РКБА.

Мінулы фінансава-гаспадарчы год для раённага камбіната бытавога абслугоўвання склаўся даволі ўдала: па выніках дзейнасці быткамбінат спрацаваў хоць і з невялікім, але ўсё ж
такі прыбыткам.

Па словах дырэктара РКБА Веры Стальмачонак, прадпрыемства адчувае недахоп абаротных сродкаў, але яго стабільная работа на працягу 2-3 апошніх гадоў дазваляе, з аднаго боку, пагашаць мінулыя даўгі, а з другога — своечасова закупляць сыравіну і матэрыялы для шыцця тэкстыльных вырабаў і рамонту абутку, а значыць, хутчэй і больш якасна аказваць насельніцтву паслугі.

Спектр жа асноўных відаў дзейнасці камбіната застаўся традыцыйным. У агульным аб’ёме па-ранейшаму лідзіруюць паслугі васьмі цырульнікаў — 45 %. І гэта нягледзячы на канкурэнцыю з боку прыватнага бізнесу, якая асабліва ўзрасла пасля ўступлення ў сілу новага Указа Прэзідэнта «Аб здзяйсненні фізічнымі асобамі рамесніцкай дзейнасці».

Акрамя рамонту і шыцця вопраткі, хімчысткі, пральні, рамонту абутку, у мінулым годзе непасрэдна ў РКБА пачалі займацца і сухой чысткай пуха-пер’евых падушак, якія раней вазілі на перасыпку ў Віцебск. Праўда, бытавікі спачатку сумняваліся ў мэтазгоднасці такой аперацыі на месцы, перад набыццём абсталявання нават праводзілі апытанне, але ж не памыліліся: такая паслуга аказалася запатрабаванай сярод браслаўчан, асабліва летам, калі многія паехалі на свае дачы і вырашылі абнавіць падушкі. Іх чыстка ў агульным аб’ёме аказаных за год паслуг склала 7 %, практычна столькі, што і традыцыйны рамонт абутку. А вось у агульным аб’ёме рэалізаваных бытавых паслуг у сельскай мясцовасці непераўзыдзеным лідарам стаў Ахрэмаўскі комплексна-прыёмны пункт з лічбай 53 %. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.