Фотаздымак Браслава з Адэсы. Гісторыя аднаго экспаната браслаўскага музея

В свободное время
Супрацоўнікі фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў для чарговага выпуску сумеснай рубрыкі нашай газеты і ўстановы прапанавалі… фотаздымак Браслава, але гэты экспанат таксама мае сваю цікавую гісторыю.

Фота з відам на ўсходнюю частку Браслава было зроблена прыкладна ў 1930-х гадах. На левай яго частцы бачны будынак былой школы (цяпер дзіцячы сад), справа — выява млына-ветрака, вуліца Іказненская (сучасная Камсамольская).

Здымак даслала Алена Лысак (у дзявоцтве Клентак) у 2005 годзе ў рэдакцыю «Браслаўскай звязды» з просьбай перадаць яго ў мясцовы музей. Фота належала яе маці. Вось што Алена расказала пра яго: «Два гады таму назад ва ўзросце 70 гадоў памерла мая мама. У яе фотаальбоме заўсёды захоўваўся гэты здымак. Яна ім даражыла і берагла, бо здымак — з яе дзяцінства. Я не ведаю, колькі яму гадоў, але яго перадалі ёй бацькі. Мама мая пахавана ў Браславе, і, думаю, яна не была б супраць, калі я фотаздымак перадам у мясцовы музей, бо гэта гісторыя самага дарагога мне горада. Няхай людзі, якія жывуць на вуліцы Камсамольскай, убачаць яе такой, якой яна была некалькі дзясяткаў гадоў таму назад. Гэтая вуліца — дзяцінства, юнацтва і жыццё ўсяго нашага роду. У васьмігадовую школу хадзілі ўсе мае родныя, нават я свой першы школьны крок зрабіла ў ёй. Мне ўжо больш за 50 гадоў, і я не хачу, каб гэты фотаздымак згубіўся недзе на Украіне, бо месца яму ў Браслаўскім музеі».

Супрацоўнікі райгазеты выканалі просьбу і перадалі здымак па адрасе, а работнікі музея ў сваю чаргу беражліва захоўваюць яго. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.