«Маякоўцы» сталі прызёрамі спаборніцтваў па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі

Власть и общество
Практычна кожны месяц работнікі жывёлагадоўчай галіны нашага раёна атрымліваюць абласныя ўзнагароды. Праўда, канкурыраваць з лепшымі гаспадаркамі ў вобласці можа толькі СВК «Маяк Браслаўскі».

У зімовыя месяцы ў сярэднім маякоўцы бяруць ад кожнай каровы больш за 18,5 кг малака за дзень, здаюць яго дзяржаве толькі сортам «экстра». Сярэднясутачныя прывагі маладняку БРЖ складаюць 630 грамаў, свіней — 615.

У «Маяку» трэба працаваць з поўнай аддачай — гэтага патрабуе старшыня сельгаскааператыва, і работнікі гаспадаркі імкнуцца адпавядаць патрабаванням.

Напрыклад, Ганна Памялава на МТФ «Кумпіні» даглядае 32 буронак. У снежні яна мела 729 кг сярэдняга ўдою за месяц ад кожнай, а валавы надой групы склаў 23,322 тоны. Такія лічбы малочнай вытворчасці прывялі Г. Памялаву да другога выніку ў вобласці.

Аператар па вырошчванні і адкорме свіней Алена Савіцкая ў снежні наогул паказала найлепшы вынік. Яе група ў 783 галавы дала 813 грамаў сярэднясутачных прываг. Таму яна прызнана пераможніцай абласнога спаборніцтва па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Нядаўна гэтых жанчын віншавалі ў праўленні СВК. У прысутнасці калег старшыня прафсаюзнай пярвічкі кааператыва Андрэй Шукель уручыў лідарам вытворчасці падзячныя граматы і грашовае ўзнагароджанне. Падзякаваў ён за плённую працу, пажадаў жанчынам моцнага здароўя і дабрабыту. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.