Куды бясплатна адправіць дзіця на аздараўленне

Власть и общество
Не сакрэт, што сучасныя дзеці слабейшыя, чым былі іх равеснікі 15 гадоў таму назад. А гэта значыць, што яны больш зведваюць на сабе розных захворванняў. Тым не менш усім бацькам хочацца, каб іх сын ці дачка раслі здаровымі і дужымі. І значную дапамогу ў гэтым аказваюць беларускія дзіцячыя здраўніцы.

Як паведаміла вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Іна Каржэнка, сёння бацькі маюць добрую магчымасць адправіць сваіх дзяцей у шэраг санаторыяў Беларусі.

Так, здраўніца «Радуга» спецыялізуецца на лячэнні захворванняў апорна-рухальнага апарату, органаў дыхання і алергічных захворванняў скуры. Лячэбная сіла санаторыя заключаецца ў гарманічным спалучэнні жывой прыроды Магілёўшчыны і прафесійнай каманды, у якую ўвайшлі спецыялісты І і ІІ катэгорыі.

Непадалёку ад ракі Свіслач, таксама ў Магілёўскай вобласці, знаходзіцца аднайменны санаторый. Яго профіль — лячэнне захворванняў органаў дыхання, кровазвароту і стрававання.

На ўскрайку Салігорска, на беразе вадасховішча, размясцілася Рэспубліканская бальніца спелеалячэння. Ужо больш за 20 гадоў салігорскія ўрачы лечаць пацыентаў пад зямлёй. Незвычайнае аддзяленне знаходзіцца ў масіве каменнай солі на глыбіні 420 метраў. Пацыентаў размяшчаюць з улікам характару захворвання і рэакцыі арганізма на спелеаасяроддзе. Падземнае лячэнне аказвае супрацьалергічнае, -запаленчае і антыбактэрыяльнае ўздзеянні. Паляпшаецца работа лёгкіх і бронхаў, стымулюецца дзейнасць імуннай сістэмы.

У санаторыях створаны ўсе ўмовы, каб дзеці маглі паправіць сваё здароўе, працягнуць навучанне, цікава і з карысцю правесці час. Пуцёўкі ў дзіцячыя здраўніцы бясплатныя. На працягу 21 дня хлопчыкі і дзяўчынкі праходзяць дыягнастычнае абследаванне, атрымліваюць збалансаванае якаснае харчаванне, лячэнне па профілях захворванняў.

— Адпачынак у санаторыях, — акцэнтуе ўвагу І. Каржэнка, — гэта ў першую чаргу прафілактыка захворванняў, якая дае магчымасць папярэдзіць хваробу. Калі бацькі хочуць бачыць сваё дзіця здаровым, няхай звяртаюцца з заявамі на пуцёўкі ў камісіі па аздараўленні па месцы сваёй працы. Усе даведкі можна атрымаць у аддзеле па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва райвыканкама, які знаходзіцца ў будынку аддзела па адукацыі, ці па тэлефоне 63-1-83 з 9 да 13 гадзін.

Безумоўна, здароўе — найвялікшая каштоўнасць. Толькі, на жаль, гэтую каштоўнасць мы мала цэнім. Усё ж хочацца, каб браслаўчане скарысталі шанс, прадастаўлены дзяржавай, для паляпшэння самаадчування сваіх дзяцей. ■

Алена ПЯТУШКА.