Беражліва лічаць «не свае» грошы. Фінансавай сістэме Беларусі споўнілася 100 гадоў

Экономика и финансы
Бягучы год знамянальны для фінансістаў нашай рэспублікі. У студзені споўнілася 100 гадоў з дня стварэння Камісарыята фінансаў. У 1919 годзе ў яго сістэме працавалі толькі 28 чалавек, але ўжо тады пачала закладвацца прававая аснова фінансавай дзейнасці. У 1921 годзе быў прыняты першы бюджэт Беларусі, а ў красавіку 1922-га — закон аб выпуску ў абарачэнне білетаў Дзяржбанка ў купюрах наміналам 1, 3, 5 і 10 чырвонцаў (1 чырвонец раўняўся 7,74234 чыстага золата). Адным з першых у краіне быў уведзены прамысловы падатак, якім абкладаліся гандаль і промыслы, крыху пазней — агульнаграмадзянскі.

Першапачаткова ў гарадах было 5 падаткаў, а з канца 1921 года стала 22, у сельскай мясцовасці дазвалялася ўводзіць іх 13.

Так пачыналася гісторыя фінансавай сістэмы Беларусі, у склад якой у 1939 годзе ўвайшлі і фінансавыя органы яе заходніх рэгіёнаў. Непасрэднымі стваральнікамі сістэмы фінансаў былі і работнікі Браслаўскага аддзела. Напрыклад, у 1947 годзе пасля заканчэння тэхнікума прыйшла ў аддзел Наталля Ткачова і засталася ў калектыве на доўгія 34 гады. Працавала на розных пасадах, у тым ліку намеснікам загадчыка аддзела, начальнікам бюджэтнай інспекцыі. Строгая, патрабавальная, прафесіянал высокага класа, яна была паважаным чалавекам у калектыве, сярод партыйна-гаспадарчага актыву раёна, з’яўлялася настаўнікам для многіх маладых спецыялістаў. Дзякуючы ёй моладзь прыжывалася ў калектыве, пераймала яе вопыт і мудрасць пры вырашэнні многіх пытанняў размеркавання фінансаў.

Яшчэ адзін ветэран — Макар Серафімавіч Цанава, які з 1956 па 1965 год узначальваў райфінаддзел. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, але яшчэ малады, энергічны і вельмі працалюбівы,ён умела кіраваў калектывам.

На змену ветэранам прыйшло новае пакаленне фінансістаў, для якіх работа ў аддзеле таксама стала справай жыцця. Пра ўсіх іх, хто працаваў у аддзеле і шчыруе цяпер, мала сказаць як пра вопытных работнікаў. Яны любяць сваю прафесію і беражліва лічаць «не свае» грошы. А эканомна і рацыянальна іх выкарыстоўваць — справа нялёгкая. Яна патрабуе ўседлівасці, павышанай уважлівасці і скрупулёзнасці — рысаў, без якіх ніяк не абысціся супрацоўнікам фінансавых органаў. ■

Падрыхтаваў Казімір ПЯТУШКА.