Атрымаць — адна справа, а падтрымліваць… Што значыць быць «народным»?

Власть и общество

На здымку: Адзін са старэйшых калектываў Браслаўскага раёна «Вярба» Дрысвяцкага СДК быў заснаваны ў 1989 г., «народным» стаў у 1998 г. і сёння працягвае радаваць гледачоў.

Ці ведаеце вы, што самым старэйшым народным калектывам у Браслаўскім раёне з’яўляецца тэатр Раённага цэнтра культуры, а самым маладым… таксама тэатр?! Толькі Відзаўскага Дома культуры. Аднак што азначае найменне «народны» і колькі такіх калектываў на Браслаўшчыне? Адказ шукала «Браслаўская звязда».
МІНІМУМ 3 ГАДЫ БЕСПЕРАПЫННАЙ ПРАЦЫ

У цэнтралізаванай клубнай сістэме Браслаўскага раёна 12 калектываў, якія маюць найменні «ўзорны» і «народны». Шэсць (тэатр РЦК, ансамбль песні «На панадворку», узорны харэаграфічны калектыў «Такт», тэатр мініяцюр «Покер», хор ветэранаў вайны і працы, тэатр гульні «Лёлі») працуюць у Браславе, тры дзейнічаюць у Відзах (ансамбль песні «Відзаўчанка», тэатр «Маскі», студыя эстраднай песні «Фартуна»), па адным (ансамблі песні «Сябрына» і «Вярба», аб’яднанне «Парус») у Ахрэмаўцах, Дрысвятах, Опсе.

Калектыў «Такт»
Тэатр мініяцюр «Покер»
Ансамбль песні «Відзаўчанка»

Пры гэтым дзеля таго, каб атрымаць гэты статус, неабходна «пражыць» творчы шлях мінімум у тры гады, але існаваць не толькі на паперы, а актыўна выступаць, займаць прызавыя месцы і атрымліваць дыпломы мерапрыемстваў рэгіянальнага, абласнога, рэспубліканскага і іншых узроўняў. Толькі пасля гэтага спецыяльнай рэспубліканскай камісіяй прымаюцца да разгляду дакументы на прысваенне найменняў «народны» і «ўзорны».

Цікава, што самы старэйшы народны калектыў — браслаўскі тэатр — вырас да такога статусу з простага гуртка, адкрытага пры Доме культуры ў 1944 годзе! Яго заснавальнік Васіль Галкін змог з’яднаць вакол сябе браслаўчан, якія праз пэўны час узялі высокую планку і заклалі моцныя тэатральныя традыцыі, што працягваюцца і сёння. Дзякуючы працы мясцовых рэжысёраў, якія больш чым паўстагоддзя ўтрымліваюць статус, народны тэатр лічыцца і адным са старэйшых у вобласці.

Да ліку «доўгажыхароў» сярод калектываў з найменнем «народны» можна аднесці ансамбль песні «На панадворку», хор ветэранаў вайны і працы, тэатр гульні «Лёлі» ды фальклорны калектыў «Вярба». Як адзначае нязменны кіраўнік і заснавальнік «На панадворку» Марына Шыркевіч, калі пачалі збіраць дакументы для камісіі, то на той час у раёне былі толькі 2 такія калектывы — тэатр і Опсаўскі народны хор. Атрымліваецца, што з 1996 года колькасць «народных» павялічылася больш чым у 3 разы, што сведчыць толькі пра прафесіяналізм мясцовых культработнікаў.

АТРЫМАЦЬ — АДНА СПРАВА, А ПАДТРЫМЛІВАЦЬ…

Мяркуеце, што пасля прысваення наймення калектыў можа працаваць «напаўсілы»? Памыляецеся! Абавязкова раз у тры гады неабходна яго пацвярджаць! Таму нястомная творчая праца працягваецца: выступленні, конкурсы, фестывалі. Так, толькі ў 2018 годзе яго пацвердзілі 5 калектываў, сёлета на чарзе — шэсць! Але не спыняецца і дзейнасць па атрыманні найменняў «народны» і «ўзорны». Апошняе прысуджэнне было ў 2015 годзе — відзаўскаму тэатральнаму калектыву «Маскі».

Як адзначаюць кіраўнікі калектываў, «атрымаць — адна справа, падтрымліваць — іншая». З кожным годам растуць патрабаванні і падыходы да ўзроўню культурных выступленняў і пастановак. Разам з тым ніхто не адмяняе змены пакаленняў: склад удзельнікаў пастаянна мяняецца. Галоўная ж каштоўнасць калектываў — людзі. Як вядома, гэта простыя браслаўчане без прафесійнай культурнай адукацыі, якія ў вольны час прыходзяць на рэпетыцыі і выступленні. Пры гэтым кіраўнікам неабходна знайсці падыход і патрэбныя словы да кожнага, каб зацікавіць займацца творчасцю. ■

P. S. Толькі за апошнія тры гады калектывы з найменнямі «народны» і «ўзорны» атрымалі 29 дыпломаў і падзяк. Артысты выязджаюць з выступленнямі ў краіны блізкага замежжа, як госці ўдзельнічаюць у розных фестывалях. Словам, калі перад вамі будзе выступаць браслаўскі народны калектыў, памятайце, што гэта не проста там нейкі мясцовы «народны», а культурны гонар раёна.

Алена НАБЕЕВА.