«Cпрачаемся, каму чытаць першым». Падпісчыца пра «Браслаўскую звязду»

В свободное время Люди
Падчас чарговай сустрэчы з падпісчыцай «Браслаўскай звязды» яшчэ раз трывала ўпэўнілася, што свежы нумар раёнкі з нецярпеннем чакаюць многія браслаўчане, бо менавіта мясцовая газета з’яўляецца жаданай крыніцай, якая ўсебакова асвятляе жыццё Браслаўшчыны і яе жыхароў.

Так лічыць і спецыяліст па кадрах ААТ «ТБЗ Браслаўскі» Алена Бабуль.

— У нашай сям’і раёнку выпісвалі заўсёды. Ды і як жа інакш: трэба быць у курсе ўсіх спраў нашага краю. У школьныя гады акуратна выразала артыкулы пра дзейнасць піянераў і камсамольцаў, уклейвала іх у сшытак, якім карысталася на палітінфармацыях.

І цяпер з мужам застаёмся пастаяннымі падпісчыкамі «Браслаўскай звязды». Іншым разам спрачаемся, каму чытаць першым, і абявязкова ад вокладкі да вокладкі.

Вельмі важна ведаць, якія падзеі адбываюцца ў нашым раёне. Цяпер, напэўна, як і ўсе, звяртаю ўвагу на змяненні пры добраўпарадкаванні населеных пунктаў. З цікавасцю чытаю матэрыялы, у якіх расказваецца пра годных і таленавітых людзей раёна. Шмат прыемных хвілін дастаўляюць «Нявыдуманыя гісторыі». Падабаецца, што газета надае шмат увагі пытанням здароўя і актыўнага ладу жыцця, — адзначае Алена Бабуль.

Як вяскоўцам, нам цікава даведацца пра гаспадароў, што трымаюць уласную гаспадарку, як яны з ёй спраўляюцца. А нядаўна са здзіўленнем абмяркоўвалі ў сям’і незвычайных гадаванцаў, што трымаюць браслаўчане.

Не заўсёды выходзіць пабываць на маштабных святах у цэнтры. Затое потым у газеце можна знайсці ўсю інфармацыю з месца падзей.

Не абмінаю ўвагай аб’явы, рэкламы, віншаванні і спачуванні. Жадаю калектыву «Браслаўскай звязды» пастаяннага натхнення і творчага задавальнення. Няхай газета і далей будзе папулярнай, цікавай і любімай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.