Энергазбыт нагадвае: своечасова аплачвайце электраэнергію

Человек и закон
Электрычная энергія з’яўляецца тым жа таварам, за які ўсе яе спажыўцы павінны своечасова плаціць па ўстаноўленых заканадаўствам тарыфах.

Электраэнергія, якая выкарыстоўваецца для бытавога спажывання, аплачваецца штомесячна не пазней за 25 чысло ў адпаведнасці з данымі электралічыльніка па тарыфах, устаноўленых для насельніцтва. Пры адсутнасці ад грамадзяніна аплаты звыш двух разліковых перыядаў (месяцаў) арганізацыя, якая забяспечвае энергіяй, мае права прыпыніць яму аказанне дадзенай паслугі. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што наступнае падключэнне электрычнасці платнае і яго кошт бывае вышэйшы за запазычанасць па электраэнергіі.

Лічу неабходным нагадаць, што не трэба спрабаваць падключыцца да электрасетак, мінаючы электралічыльнік. Работнікам энергазбыту даўно і добра вядомы спосабы крадзяжу энергіі. Мы рэгулярна, у тым ліку ў начны час і святочныя дні, арганізуем спецыяльныя рэйды па выяўленні і ліквідацыі прычын крадзяжу як у шматкватэрных дамах, так і ў прыватным сектары. Напрыклад, сёлета саставілі 4 акты наконт самавольнага спажывання электрычнасці на суму 3 615,35 руб. Таму трэба задумацца, ці не абернецца падобная «эканомія» дадатковымі і вельмі значнымі затратамі.

Да таго ж энергазбыт праводзіць комплекс мерапрыемстваў па выкараненні магчымасцей крадзяжу электраэнергіі: прыборы ўліку выносяцца за межы домаўладанняў, каб быў свабодны доступ для праверкі; прымяняюцца электронныя прыборы ўліку, падмануць якія больш складана, чым старыя; кантроль аплаты спажытай абанентамі электрычнасці здзяйсняецца сучаснымі метадамі з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Дарэмна спадзявацца, што запазычанасць можа застацца незаўважанай.

З пачаткам асенне-зімовага перыяду насельніцтва значна больш карыстаецца асвятляльнымі прыборамі, электраабагравальнікамі, іншай бытавой тэхнікай і спажыванне электраэнергіі рэзка павялічваецца. Лініі электраперадачы і трансфарматарныя падстанцыі пачынаюць працаваць з перагрузкай, а якасць энергіі, што паступае спажыўцам, пагаршаецца (паніжаецца напружанне, адбываюцца яго скачкі). Гэта выклікае скаргі. Але ці не мы самі іншым разам ствараем праблемы? Давайце задумаемся. Пры праектаванні і будаўніцтве ліній электраперадачы яны разлічаны на пэўную магутнасць спажывання. Між іншым многія жыхары без дазволу арганізацыі, якая забяспечвае энергіяй, павялічваюць магутнасць падключаемага да сеткі абсталявання: выкарыстоўваюць трохфазныя электрарухавікі ў аднафазным рэжыме ад сеткі 220 В, электразварачнае і іншае энергаёмістае абсталя- ванне. А ў выніку — перагрузкі і паніжэнне якасці пастаўляемай энергіі.

Для атрымання дазволу на павелічэнне далучаемай магутнасці трэба звяртацца ў Браслаўскі РЭС, а наконт няспраўнасцей у рабоце электралічыльнікаў тэлефануйце ў раённы ўчастак энергазбыту па нумары 32-6-11. ■

Віктар ХРАЛОВІЧ,

інспектар энергазбыту.