У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава «Калядныя ўзоры»

Новости
Традыцыйная пераднавагодняя выстаўка «Калядныя ўзоры» падводзіць своеасаблівыя вынікі працы майстроў і мастакоў народнага клуба «Ля возера». Да яе рыхтуюцца загадзя, каб здзівіць землякоў. Сёлета выстаўка крыху змяніла фармат…

«Калядныя ўзоры» — месца, дзе заўсёды можна зарадзіцца святочным настроем, бо кожная работа літаральна пранізана адчуваннем надыходзячых навагодніх свят. Подых Каляд і Новага года бачны ў кожным творы браслаўскіх умельцаў, ці то гэта саламяны самавар, ці рукавічкі або аб’ёмнае пано. А якую ёлку ўпрыгожваюць браслаўскія майстры! Кожную цацку хочацца доўга разглядаць, здзіўляючыся з тонкасці работы.

Сёлета ў выстаўцы прынялі ўдзел больш за 40 мясцовых майстроў. На першым паверсе МТК іх творы размяшчаліся без перабольшвання на кожным сантыметры памяшкання. Работы, вядома ж, аўтарскія, выкананыя ў розных тэхніках і не падобныя адна на адну. Кіраўнік клуба «Ля возера» Наталля Парахневіч пазнаёміла прысутных з аўтарамі, была магчымасць задаць ім розныя пытанні. Паралельна ўсяму дзейству адбывалася адкрытае галасаванне за прысуджэнне звання «Майстар года – 2018». Па меркаванні прысутных, яго заслужыла Наталля Парахневіч — таленавітая майстрыха, ідэйны натхняльнік і арганізатар многіх творчых праектаў.

Гэтым разам да майстроў і мастакоў далучыліся мясцовыя рамеснікі, якія занялі другі і трэці паверхі музейнага будынка і разгарнулі там сапраўдны навагодні кірмаш! Яны праводзілі майстар-класы, частавалі сваёй прадукцыяй. Пры жаданні можна было яе і набыць. Напрыклад, упрыгожванні са скуры, бісеру, самаробнае мыла, самапечаны хлеб і пернікі, наборы шакаладу, нават мясцовую каву з жалудоў і гарбату са скрыпеню. Мяркуючы па колькасці людзей, браслаўчанам было цікава пазнаёміцца з мясцовымі рамеснікамі і даведацца пра іх дзейнасць. Папулярнасцю таксама карысталіся практыкумы па вырабе цацак на ёлку.

Прыемным сюрпрызам для наведвальнікаў мерапрыемства стала цудоўнае выступленне выкладчыкаў Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Петуховай і Мікалая Пратасава. Дуэт скрыпкі і фартэпіяна надаваў асаблівае гучанне ўсёй выстаўцы. Не менш радасці прынесла і бяспройгрышная латарэя, дзе ў якасці прызоў былі вырабы мясцовых майстроў. Словам, сёлета выстаўка «Калядныя ўзоры» стала сапраўднай арт-пляцоўкай, якая змагла аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў і аматараў творчасці.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.