Прафесійнае свята і 55-годдзе з дня ўтварэння філіяла 22 студзеня адзначылі браслаўскія энергетыкі

Новости
Сёння ў супрацоўнікаў Браслаўскага раёна электрычных сетак двайное свята: Дзень энергетыка і 55-годдзе з дня ўтварэння філіяла «Глыбоцкія электрычныя сеткі», які аб’ядноўвае 6 РЭС, у тым ліку і Браслаўскі. Філіял абслугоўвае амаль 8 000 км высакавольтных паветраных ліній электраперадачы, 6 000 км нізкавольтных і каля 4 000 трансфарматарных падстанцый. На яго балансе знаходзяцца і 3 ГЭС — «Богінская», «Браслаўская» і «Дружба народаў».

На здымку: Пад кіраўніцтвам майстра Уладзіміра Станкевіча брыгада электраманцёраў браслаўскага ўчастка мяняе дэфектныя апоры па вул. Кастрычніка з заменай проваду на ізаляваны.

Па Беларусі працякае больш за 20 000 малых рэчак. Гэты водна-энергетычны патэнцыял пачаў асвойвацца ў 50-х гадах мінулага стагоддзя: у рэспубліцы сталі будаваць малыя гідраэлектрастанцыі. На водных прасторах Браслаўшчыны іх было ўведзена ў эксплуатацыю тры: у 1953 г. — «Дружба народаў» магутнасцю 322 кВт, у 1956 г. — «Браслаўская» (456 кВт) і ў 1961 г. — «Шлях да камунізму», ці «Богінская» (630 кВт).

Аднак у 60-70 гады малая гідраэнергетыка адышла на другі план у сувязі са з’яўленнем дзяржаўных энергасістэм. Сельскі спажывец быў пераведзены на новыя магутныя сістэмы, і патрэба ў малых гідраэлектрастанцыях адпала сама сабой па прычыне іх нізкай эфектыўнасці і высокага сабекошту. У выніку да канца 80-х гадоў у Беларусі засталося ўсяго 6 ГЭС, якія выпрацоўвалі ў год крыху больш за 18 млн кВт. «Браслаўская», напрыклад, адпрацавала да 1976 года.

Далейшае жыццё зноў падштурхнула энергетыкаў звярнуць увагу на малыя гідраэлектрастанцыі. Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, якія не аказваюць шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, пачалі зноў выкарыстоўваць, аднаўляючы раней выведзеныя з эксплуатацыі МГЭС і будуючы новыя. Так, у 2005 годзе была рэканструявана і «Браслаўская» ГЭС з устаноўкай 2 генератараў магутнасцю па 150 кВт, а ў 2015-м пачала даваць ток у агульную сістэму і «Богінская» ГЭС, як рэканструяваная, так і пабудаваная новая таксама з двума генератарамі па 150 кВт.

Сумарная выпрацоўка электраэнергіі на малых гідраэлектрастанцыях залежыць ад узроўню вады. Так, «Браслаўская» ГЭС за 2017 г. выпрацавала 756 тыс. кВ·г, «Богінская» — 2 млн 088 тыс кВт·г, а сёлета ў сувязі з нізкім узроўнем вады чакаецца толькі 500 тыс. кВт·г і 1 млн 250 тыс. кВт·г адпаведна.

Але паўсядзённая напружаная дзейнасць працоўнага калектыву Браслаўскага РЭС найперш усё ж такі звязана з абслугоўваннем 1 100 км высакавольтных і 1 170 нізкавольтных паветраных ліній, 624 падстанцый. Тое, што спажыўцы раёна бесперабойна атрымліваюць электраэнергію, — гэта вынік кругласутачнага дзяжурства дыспетчараў і аператыўна-выязных брыгад, карпатлівай і часта небяспечнай працы электрыкаў-рамонтнікаў, якія перацягваюць правады, выпраўляюць апоры, мяняюць пашкоджаныя слупы, высякаюць дрэвы пад паветранымі лініямі, мяняюць дэфектную камутацыю на падстанцыях і наладжваюць апаратуру. Так, сёлета паспяхова выканалі планавыя заданні па капрамонце 100,1 км паветраных ліній напружаннем 10 кВ і 179 км нізкавольтных ліній, адрамантавалі 54 падстанцыі.

Безумоўна, у любой рабоце заўжды існуюць свае лідары, на якіх раўняюцца іншыя. Ёсць яны і ў даволі вялікім працоўным калектыве Браслаўскага РЭС. Вось і сёлета напярэдадні прафесійнага свята 7 лепшых па выніках года работнікаў арганізацыі ўзнагароджаны профільнымі граматамі, у тым ліку брыгадзір браслаўскага ўчастка РЭС Вячаслаў Дудкевіч — Ганаровай граматай дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.