Браслаўчаначка Яна Піртань — лепшы дэкламатар польскай паэзіі

Люди
Конкурсы чытальнікаў польскай паэзіі розных узроўняў сталі ўжо традыцыйнымі для тых браслаўскіх школьнікаў, хто вывучае мову заходніх славян. І неаднойчы браслаўчане былі ў ліку лепшых, аднак толькі сёлета наша прадстаўніца засталася па-за канкурэнцыяй на рэспубліканскім конкурсе: Яна Піртань, выхаванка ЦДіМ, прызнана пераможніцай сярод дэкламатараў польскай паэзіі.

Дарэчы, цяпер у нашым раёне працуюць 9 настаўнікаў польскай мовы. Гэта і маладыя, і ўжо вопытныя педагогі, якія дапамагаюць засвоіць азы мовы краіны-суседкі. З пачатку навучальнага года гурток польскай мовы для школьнікаў адкрыўся і ў цэнтры дзяцей і моладзі, дзе выкладае Людміла Людко. Педагог са стажам навучыла не одно пакаленне браслаўчан, акрамя таго, многіх падрыхтавала да выступленняў і конкурсаў. Займалася Людміла Пятроўна і з Янай Піртань (На здымку). І зусім не дарэмна. Спачатку дзяўчына сваім артыстызмам пакарыла журы і яго старшыню, галоўнага спецыяліста аддзела райвыканкама па адукацыі Ірыну Мацук, на раённым этапе конкурсу чытальнікаў польскай паэзіі. Потым разам з яшчэ адным выхаванцам Паўлам Лявікіным адправілася на абласны, а затым паўстала задача паспрабаваць сілы на рэспубліцы.

Рэспубліканскі этап конкурсу дэкламатараў польскай паэзіі імя Адама Міцкевіча адбыўся ў Гродне, дзе ў склад журы ўваходзілі надзвычай кампетэнтныя асобы — прафесары з Беластоцкага ўніверсітэта, консулы. Змагалася Яна за перамогу ва ўзроставай катэгорыі ад 12 да 16 гадоў: гэта самая вялікая група канкурсантаў з найбольш высокай канкурэнцыяй. Па словах старшыні ГА «Польская маці школьная» Элы Пяткевіч, наша выхаванка дэкламавала два вершы Адама Міцкевіча. Інтрыга захоўвалася да апошняй хвіліны, бо Яна выступала з такім жа творам, як і папярэдняя ўдзельніца, аднак яе выступленне аказалася найлепшым. З кожным конкурсам (а дзяўчына — актыўная ўдзельніца шматлікіх рознабаковых мерапрыемстваў), падкрэслівае Э. Пяткевіч, Яна сталее, удасканальваецца яе артыстызм, пачуццё слова і густ. І, безумоўна, перамога на такім узроўні — гэта годны вынік сумеснай карпатлівай работы трох бакоў: педагога, бацькоў і самога дзіцяці. ■

Сёлета за ініцыятыву і актыўную работу старшыня ГА «Польская маці школьная» Эла Пяткевіч узнагароджана медалём.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.