Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін сустрэўся з працоўным калектывам Браслаўскай раённай бальніцы

Новости
Браслаўскі раён наведаў намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Пенін. Візіт адбыўся ў рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва, таму меў на ўвазе не толькі абмеркаванне бягучых пытанняў, а і сустрэчу з працоўным калектывам ЦРБ.

Падчас рабочай паездкі У. Пенін пазнаёміўся з ходам падрыхтоўкі горада да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі – 2019». Пры гэтым асноўная ўвага была нададзена аб’ектам курыруемай сацыяльнай сферы.

Азнаямленне з сучаснымі магчымасцямі цэнтральнай раённай бальніцы і ўмовамі для яе пацыентаў плаўна перайшло ў сустрэчу з працоўным калектывам раённай установы аховы здароўя.

Гутарка, дарэчы, праходзіла ў фармаце дыялогу. Факт знаходжання Браслаўшчыны на парозе вялікіх пераўтварэнняў акрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Ён каротка расказаў пра ўжо распачатыя работы, пазнаёміў прысутных з планамі. «Пералік аб’ектаў, якія мы будзем рыхтаваць да «Дажынак», сфарміраваны, папярэднія сумы акрэслены», — зазначыў кіраўнік раёна. Паралельна ён заклікаў медыкаў не заставацца ў баку ад агульнай справы, а актыўна ў яе ўключацца, у тым ліку праз удзел у акцыі «Падарунак любімаму гораду».

«Агульны ж вектар развіцця рэгіёну мы бачым у павышэнні ўзроўню дабрабыту яго жыхароў, стварэнні новых працоўных месц і ўмоў, у якіх кожны браслаўчанін зможа рэалізаваць сябе ў абранай прафесіі», — рэзюмаваў А. Баданін.

Падобны пункт гледжання агучыў і намеснік старшыні аблвыканкама. Паводле яго слоў, абласныя ўлады маюць намер усяляк падтрымліваць памкненні браслаўчан зрабіць свой край больш прыгожым, утульным і зручным, прычым як для сябе, так і для шматлікіх гасцей. «Віцебск у гэтай справе, безумоўна, падставіць плячо, аднак добраўпарадкоўваць сваю малую радзіму павінны мы самі», — у той жа час завастрыў увагу прысутных Уладзімір Пенін.

Зваротная сувязь знайшла адлюстраванне ў шматлікіх пытаннях, адрасаваных гасцям. Мяркуючы па іх змесце, браслаўскіх медыкаў турбуе недахоп жылля для маладых спецыялістаў, недастатковае асвятленне вуліц у начны час, дэфіцыт сучасных дзіцячых пляцовак і пунктаў грамадскага харчавання.

Усе гэтыя аспекты, якія сапраўды можна назваць праблемнымі для Браслава, прадстаўнікі ўлады прынялі да ўвагі і растлумачылі. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.