Калектыў цэнтральнай бібліятэкі папоўніўся двума маладымі спецыялістамі

Люди
З юнацкім задорам і свежымі ідэямі Юлія Падалячэня і Аксана Аляксеева акунуліся ў свае прафесійныя справы.

За плячамі першай дзяўчыны Віцебскі каледж культуры і мастацтваў, пасля заканчэння якога яе па размеркаванні накіравалі на малую радзіму. У бібліятэцы Юля займаецца афармленнем стэндаў, выстаў і прэзентацый, працуе з дакументацыяй.

— Гэта не зусім тое, на што разлічвала, — прызнаецца дзяўчына, — тым не менш работа мне падабаецца, бо прасторы для творчасці хапае.

А вось Аксана свядома ў свой час паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе вывучала маркетынг бібліятэчнай справы. Дзяўчыну накіравалі ў родныя мясціны — Паставы, там яна адпрацавала год у мясцовай бібліятэцы. У Браслаў Юля прыехала, як кажуць, за мужам, якога накіравалі на службу ў наш РАУС.

— З задавальненнем іду на сваю работу, — кажа субяседніца, — падабаецца цішыня бібліятэкі, яе нейкая таямнічасць.

Дапамагчы чытачу выбраць патрэбную кнігу, падрыхтаваць цікавае мерапрыемства, працаваць з кніжным фондам — усе гэтыя абавязкі Аксана выконвае з ахвотай. Прыветлівая і камунікабельная, за кароткі тэрмін яна паспела пазнаёміцца з многімі наведвальнікамі і вывучыць іх літаратурныя густы.

Наперадзе ў дзяўчат доўгі прафесійны шлях, на якім яны, будзем спадзявацца, змогуць рэалізаваць сябе як спецыялісты і ніколькі не расчаруюцца ў зробленым выбары. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.