У Браславе адбыўся адкрыты турнір па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?»

Главное Отдых
Адкрыты турнір па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» сабраў 12 каманд з Браслава і раёна. Інтрыга, хто стане пераможцам, трымалася літаральна да апошняга пытання.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама. Вітаючы ўдзельнікаў, яго начальнік Юлія Чагарына пажадала ўсім поспеху і выказала надзею, што такія інтэлектуальныя гульні стануць добрай традыцыяй.  Тым больш што колькасць каманд на першым турніры паказала — цікавасць да мерапрыемстваў падобнага фармату ў браслаўчан ёсць.

Да ўдзелу ў «Што? Дзе? Калі?» зарэгістраваліся каманды як арганізацый, так і з ліку актыўных жыхароў —  «АПИ» (РАНС),  «Без брикета» («ТБЗ Браслаўскі»), Iron People (РЦК),  «7/24» («Браслаў-камунальнік»), «ОЛиМП» (гімназія), «Антидепрессанты» (аптэка  №105) , «Оптимисты» (МКК), «Прямые извилины» (ЦРБ), «Точка» (дзіцячы сад № 2), «Cviki» (музей), зборныя  «Мовананоўцы», «Конь размером с лошадь». Сярод удзельнікаў былі як вопытныя аматары інтэлектуальных гульняў, так і навічкі.

Між тым, тэматыка большасці пытанняў была арыентавана на агульны кругагляд і логіку. У прыватнасці, былі заданні з вобласці літаратуры, спорту, гісторыі, геаграфіі і інш. Гульня ўключала ў сябе 6 тураў па 7 пытанняў, дзе на абмеркаванне кожнага адводзілася хвіліна, а сёмы тур праходзіў у фармаце «бліца», падчас якога трэба было вельмі хутка згенерыраваць правільны адказ. Усяго было 49 разнастайных пытанняў.

Трэба адзначыць, каманды даволі паспяхова спраўляліся з імі. Пра гэта сведчылі эмацыянальныя водгукі падчас абвяшчэння правільных адказаў і рэзультатаў. І, мяркуючы па папярэдняй турнірнай табліцы, ішлі дастаткова «шчыльна» адна за адной. Аднак, як кажуць,  усе кропкі над і расставіў апошні, сёмы тур. Пяцёрка каманд-лідараў па выніках 6 тураў  выглядала так: «АПИ» (1), «Конь размером с лошадь» (2), «ОЛиМП» (3),  «Без брикета» (4), «7/24» (5). Аднак заданні «бліца» нечакана памянялі іх месцамі. У прыватнасці, зборная «7/24» з пятай пазіцыі ўзнялася на трэцюю, а «Без брыкета», набрала 10 балаў з 14 магчымых і перамясцілася на другое. А вось каманды  «ОЛиМП» і «Конь размером с лошадь» адпаведна сталі чацвёртымі і пятымі. Нязменным застаўся толькі лідар — зборная РАНС  «АПИ». На яе паспяховых выніках у папярэдніх турах «бліц» ніяк не адбіўся. Тым не менш, каманда «Без брыкета» літаральна наступіла ім на пяткі, прайграў толькі  адзін бал.

Словам, турнір атрымаўся цікавым і насычаным. Пераможцы атрымалі заслужаныя кубкі і медалі, а астатнія каманды — памятныя дыпломы. Хочацца спадзявацца, што гэты турнір стаў першай ластаўкай адраджэння маштабных інтэлектуальных гульняў на Браслаўшчыне!

Каманда «АПИ» Браслаўскага РАНС перамагла ў турніры.

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.