Навучэнцы СШ № 1 Браслава наведалі з канцэртнай праграмай і падарункамі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў

Отдых
Спрадвеку бацькі і педагогі імкнуцца выхоўваць у дзяцей, незалежна ад іх узросту, дабрыню, чуласць, міласэрнасць. Але такія паняцці, безумоўна, засвойваюцца лепш, калі словы падмацаваны канкрэтнымі справамі. Браслаўскія школьнікі не застаюцца ў баку ад іх: удзельнічаючы ў шматлікіх мерапрыемствах, праз дабрачынную дзейнасць дапамагаюць тым, каму гэта неабходна. Вось і вучні першай гарадской школы ўключыліся ў акцыю «Праменьчыкі дабрыні», якую прымеркавалі да Дня інвалідаў.

З аднаго боку, трэцяга снежня цяжка назваць святочнай датай, з другога ж — гэта добрая нагода чарговы раз праявіць увагу да людзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, паклапаціцца пра іх патрэбы. І тут цёплыя словы і чулыя адносіны не менш важныя, чым матэрыяльная дапамога. Так меркавалі навучэнцы СШ № 1, накіроўваючыся з канцэртнай праграмай у дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Больш за дваццаць вучняў з розных класаў — з 2-га па 11-ы — падарылі насельнікам і супрацоўнікам установы шмат прыемных хвілін. Яркія выступленні вакальнай групы і салістаў, танцавальныя нумары прыйшліся да душы гледачам. Асабліва спадабалася ім бадзёрая песенька «Любачка», якую выканала другакласніца Сафія Варанчыхіна: маленькую спявачку нават выклікалі на «біс». Па заканчэнні праграмы і жыхары дома-інтэрната, і яго супрацоўнікі шчыра дзякавалі юным артыстам за іх творчасць і неабыякавасць.

Знайшліся ў гэты дзень і іншыя прыемныя сюрпрызы: вучні прыехалі не з пустымі рукамі.

Па ініцыятыве школьнай піянерскай дружыны дзеці загадзя сваімі рукамі зрабілі пацешных снегавічкоў (у СШ № 1 ужо працуе навагодняя творчая майстэрня), якіх і ўручылі прысутным, а таксама пры падтрымцы бацькоў сабралі падарункавыя наборы са сродкамі гігіены і больш за 50 кніг.

Мноства эмоцый выклікала гэта сустрэча, прычым не толькі ў мясцовых насельнікаў. Дзеці на свае вочы пабачылі, наколькі важныя для нямоглых адзінокіх людзей добрыя словы ад чыстага сэрца ды спагадлівыя адносіны. ■

Жанна БЯЛЬКО.