Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартуе 10 снежня

Новости
Яна працягнецца да 11 студзеня наступнага года. Не застанецца ў баку ад яе правядзення і Браслаўскі раён.

У гэты перыяд у краіне і на Браслаўшчыне ў тым ліку пройдуць навагоднія прадстаўленні для адораных і таленавітых дзяцей, а таксама для малых, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Раённыя ўлады, прадстаўнікі мясцовых органаў кіравання, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, праваахоўных органаў, розных службаў наведаюць дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзе павіншуюць хлопчыкаў і дзяўчынак з Калядамі і Новым годам, а таксама ўручаць падарункі, калі трэба, акажуць дапамогу ў вырашэнні некаторых праблем. Да дабрачыннай акцыі далучацца таксама розныя грамадскія аб’яднанні.

Галоўнай падзеяй стане навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі. Мерапрыемства запланавана на 27 снежня. Яго ўдзельнікамі стануць больш за 2 тыс. дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны: пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Абавязкова папрысутнічаюць на гэтым свяце і трое юных браслаўчан. Таксама самыя лепшыя і актыўныя дзеці (іх будзе 25), прымуць удзел у пераднавагоднім ранішніку, які традыцыйна ладзіцца ў Віцебску і праходзіць з удзелам кіраўніцтва вобласці.

Шмат мерапрыемстваў для дзяцей пройдзе і ў раёне. Самым галоўным з іх стане дабрачынны ранішнік з удзелам кіраўніцтва раёна. Ва ўсіх школах, дзіцячых садах, на многіх прадпрыемствах і ў арганізацыях будуць арганізаваны навагоднія ранішнікі. У Раённым цэнтры культуры, сельскіх ДК адбудуцца святочныя прадстаўленні для дзяцей. ■

Алена ПЯТУШКА.