Браслаўскі райкам БРСМ стаў пераможцам у конкурсе «Валанцёр года — Добрае Сэрца»

Новости
Вынікі штогадовага конкурсу «Валанцёр года — Добрае Сэрца» падвялі ў Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Узнагароду атрымалі і браслаўчане.

Дыпломы ўручаліся ў некалькіх намінацыях. Браслаўскі райкам БРСМ стаў пераможцам у катэгорыі «Лепшая навучальная праграма». Як расказала першы сакратар Кацярына Сайкоўская, праект звязаны з супрацьдзеяннем гандлю людзьмі. Яго мэта — прыцягнуць увагу моладзі да гэтай праблемы і павысіць узровень інфармаванасці пра магчымыя негатыўныя наступствы знешняй міграцыі. Поспех у гэтай справе залежыць ад ведаў маладых людзей пра небяспеку гандлю людзьмі і звязаныя з ім злачынствы, яго формы, адпаведныя меры бяспекі.

Мясцовыя валанцёры руху «Добрае Сэрца» ў межах сваёй кампетэнцыі вырашылі арганізаваць інфармацыйна-растлумачальную работу па пытаннях процідзеяння гандлю людзьмі сярод насельніцтва шляхам правядзення заняткаў з элементамі трэнінгу і рабіць гэта ў першую чаргу ва ўстановах адукацыі. «Актуальнасць праекта для нас абумоўлена геаграфічным размяшчэннем Браслава. Наш раён мяжуе з Літвой і Латвіяй. Паміж Беларуссю і Латвіяй падпісана міжурадавае пагадненне аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў, што адбіваецца на парадку атрымання візы і, у сваю чаргу, павышае рызыку злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі», — падкрэсліла К. Сайкоўская.

Журы абласнога конкурсу ацаніла актуальнасць, важнасць браслаўскага праекта і прысудзіла яму першае месца. ■

Алена НАБЕЕВА.