У Браславе завяршаецца рэалізацыя сумеснага з Еўрасаюзам праекта, бюджэт якога склаў 735 тысяч еўра

Новости
Браслаўскі раён з 2014 года з’яўляецца падпісантам Пагаднення мэраў — шырокай міжнароднай ініцыятывы, згодна з якой гарады і рэгіёны бяруць на сябе абавязкі па скарачэнні выкідаў СО2 . На працягу ж трох апошніх гадоў мы былі, што называецца, у эпіцэнтры рэалізацыі маштабнага праекта па дасягненні нашай мясцовасцю кліматычнай нейтральнасці. Выніковая канферэнцыя па гэтым пытанні адбылася ў Браславе на мінулым тыдні.

Удзел у ёй прыняло шырокае кола зацікаўленых спецыялістаў з Беларусі, краін Усходняй Еўропы і непасрэдна Еўрапейскага Саюза — усяго больш за 90 чалавек ад муніцыпалітэтаў, аб’- яднаных імкненнем мінімізаваць негатыўнае ўздзеянне на атмасферу.

Ад імя рэгіёну — гаспадара канферэнцыі яе ўдзельнікаў павітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Кіраўнік раёна каротка азнаёміў гасцей з прыроднымі і сацыяльна-эканамічнымі аспектамі Браслаўшчыны, асабліва падкрэсліў нашу актыўнасць на полі міжнароднага супрацоўніцтва і паспяховай рэалізацыі рознага кшталту ініцыятыў.

Працягнуў гутарку Барэнд дэ Гроот, начальнік аддзела супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі. Ён адзначыў, што Браслаўшчына на фоне іншых рэгіёнаў вызначаецца кансалідацыяй намаганняў грамадскасці і ўладаў. «Тут ёсць бачанне, куды і як трэба рухацца, каб вырашыць пастаўленыя задачы. Дарэчы, праблемы выкідаў СО2 — вельмі актуальная ў Еўропе тэма. І вельмі радуе, што браслаўчане адказна ставяцца да яе, больш за тое, мы лічым, што вы сёння на перадавой у плане барацьбы за кліматычную нейтральнасць. Гэта натхняе, таму мы будзем рады працягваць супрацоўніцтва і працаваць з вамі ў якасці партнёраў», — сказаў спадар дэ Гроот.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Браслаўскі раён — першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі» стартаваў у пачатку 2016 года і быў разлічаны на 3 гады рэалізацыі. Яго агульны бюджэт склаў 735 тысяч еўра, у тым ліку 151 тысяча — праз суфінансаванне. Галоўным вынікам ініцыятывы стала распрацоўка Стратэгіі пераўвасаблення Браслаўшчыны ў рэгіён з нулявым балансам выкідаў у атмасферу СО2 , укараненне сучасных энергазберагальных тэхналогій, у тым ліку пераход на альтэрнатыўную энергетыку.

Сваё бачанне агульнай карціны і месца ў ёй нашага раёна акрэслілі таксама прадстаўнікі Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта, упраўлення ЖКГ аблвыканкама, а таксама профільныя эксперты. Пры гэтым неаднаразова гучала думка наконт правільнасці абранага браслаўчанамі шляху і якасных крокаў па ім. Адзін са спікераў правёў нетрывіяльную, аднак вельмі прыгожую і дзейсную паралель: «Браслаўшчына — чысты рэгіён. Тут чыстая і прыгожая прырода і такія ж людзі. А да такіх цягнуцца і прыстойныя партнёры», — сказаў ён, маючы на ўвазе трывалы падмурак для далейшай работы па ўмацаванні дасягнутых пазіцый. Яшчэ адным важным момантам стала высокая якасць выкананай работы, што адзначаў літаральна кожны выступаючы.

У рамках форуму яго ўдзельнікі на свае вочы пабачылі, што мы зрабілі за гэтыя тры гады. У прыватнасці, на кацельні ТМА заменены катлы, якія цяпер працуюць на драўляных шчэпках — мясцовым і аднаўляльным паліве, захоўваць цяпло прызваныя і рэканструкцыянаваныя цепласеткі. На дзвюх вуліцах асвятленне цяпер таксама энергазберагальнае, а на «Брукоўцы» пяць ліхтароў увогуле працуюць ад энергіі сонца. Дарэчы, як і калектары ў дзіцячым садку № 1, дзе з нядаўняга часу ў цёплы сезон цалкам адмаўляюцца ад выкарыстання электрабойлераў.

Па словах кіраўніка праекта Алены Гірон, агульны энергазберагальны эфект ад інавацый складае больш за 4 тысячы МВт у год, а выкіды СО2 ў Браслаўскім раёне дзякуючы выкарыстанню сучасных тэхналогій скараціліся на 2,7 тысячы т/г.

Тым часам рэалізацыя праекта хоць і падыходзіць да фінішу, але пакуль не завершана. Раён яшчэ чакае паўторны энергааўдыт і шэраг больш дробных мерапрыемстваў. Да таго ж трэба разумець: зробленае — толькі маленькі крок на шляху да амбіцыёзнай мэты, акрэсленай Пагадненнем мэраў. Агульная канцэпцыя яе дасягнення рэгламентуецца Стратэгіяй пераўвасаблення Браслаўскага раёна ў кліматычна нейтральны рэгіён. Таму наперадзе нас чакае працяг барацьбы за чысціню атмасферы, у тым ліку праз удзел у перспектыўных міжнародных праектах. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара і цэнтра экалагічных рашэнняў.