Для выхаванцаў ясляў-сада № 3 Браслава арганізавалі фальклорнае свята

Отдых
Ведаць сваю родную мову таксама важна, як і быць патрыётам. Таму ўжо ў дашкольных установах раёна праводзіцца мэтанакіраваная работа па далучэнні выхаванцаў да культуры і традыцый беларускага народа, фарміраванні ў іх асноў нацыянальнай свядомасці.

Так, у яслях-садзе № 3 г. Браслава кожны чацвер ва ўсіх групах гучыць родная мова. У гэты дзень, тлумачыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Таццяна Аляюн, заняткі па развіцці мовы, рэжымныя моманты, гульні праводзяцца па-беларуску, педагогі і выхаванцы чытаюць вершы і казкі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Безумоўна, гэтага недастаткова, каб дзеці свабодна валодалі роднай мовай. Таму выхавальніцы дашкольнай установы ладзяць беларускамоўныя мерапрыемствы: кірмашы, Калядкі, Масленіцу і іншыя. Але, як адзначыла Т. Аляюн, самым цікавым для выхаванцаў з’яўляецца выступленне сямейнага тэатра, у якім бацькі паказваюць беларускія народныя казкі.

А нядаўна ў актавай зале дзіцячага сада прайшоў восеньскі кірмаш, на якім гаспадарамі былі дзеці ў вобразе Несцеркі і Зосі. Прыгожае ўбранства, разнастайнасць тавараў: музычных інструментаў, садавіны, агародніны, вырабаў з саломы і гліны, а таксама прыветлівыя гаспадары і невялікія прадстаўленні з удзелам розных «жывёл» зацікавілі дзяцей і стварылі для іх радасную атмасферу. З задавальненнем яны гулялі ў беларускія народныя гульні. У хлопчыкаў і дзяўчынак была магчымасць не толькі «купіць» упадабаны тавар, але і «прадаць» свой. А яшчэ святочны кірмаш — добрая нагода чарговы раз прадэманстраваць таленты выхаванцаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.