Старонкі календара багатыя на даты, што нагадваюць пра важныя падзеі. Урачыстая лінейка, на якую сабраліся вучні першай гарадской школы, прайшла 20 лістапада, калі паўсюль адзначалі Міжнародны дзень правоў дзіцяці.
Шмат ў свеце залежыць ад таго, якой вырасце маладая змена. Зыходзячы з гэтага, у лістападзе 1959 года ААН прыняла Дэкларацыю правоў дзіцяці, дзе канчатковай мэтай абвяшчалася забеспячэнне шчаслівага дзяцінства. А ў 1989-м, таксама ў лістападзе, з’явілася Канвенцыя аб правах дзіцяці, якая абавязвае ўсе краіны ствараць падрастаючаму пакаленню годныя ўмовы. Сярод іх — магчымасць дзяцей развівацца і прымаць удзел у жыцці грамадства.
Пра гэта нагадала дырэктар школы Тамара Стома ў пачатку мерапрыемства і пацвердзіла, што вучні СШ № 1 у поўнай меры выкарыстоўваюць такую магчымасць. Сапраўды, падчас лінейкі многія навучэнцы, якія актыўна ўдзельнічалі ў «Дні здароўя», атрымалі граматы за перамогу ў спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных гульнях, конкурсах фотаздымкаў і відэаролікаў.
Школьнікі гучнымі апладысментамі віншавалі сваіх узнагароджаных аднакласнікаў і сяброў, а самі раз-пораз пазіралі на незвычайных «гасцей» мерапрыемства — «сонечных зайчыкаў», што пад павевамі ветру размахвалі жоўтымі далонькамі, нібы вітаючы прысутных. Аказваецца, пад іх замаскіравалі дзве вялікія ёмістасці, пра прызначэнне якіх расказала педагог-арганізатар Людміла Бяляўская: сюды будуць кідаць пластыкавыя накрыўкі ад бутэлек з-пад вады, ліманаду, малака і г. д.
Школа далучылася да дабрачыннага праекта «Новае жыццё ў абмен на накрыўкі», удзельнікі якога збіраюць пластык, здаюць на перапрацоўку, а атрыманыя грошы пералічваюць цяжкахворым дзецям. Здаецца, справа зусім простая, але вынікі яе значныя: і хворыя аднагодкі атрымаюць дапамогу, і для экалогіі карысна. Вучні гэта выдатна разумеюць — трэба было бачыць тую чаргу з жадаючых запісаць на спецыяльнай дошцы колькасць здадзеных накрывак. Толькі за адзін дзень іх сабралі 6 820 і плануюць працягваць справу.
Вядома, падтрымка важная ўсім, але малым — асабліва, таму сімвалічна, што першая школа дала старт новаму пачынанню менавіта ў Міжнародны дзень правоў дзіцяці. ■
Жанна БЯЛЬКО.
Фота аўтара.