На Браслаўшчыне аднаўляюць помнікі загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны

Вялікай Перамозе - 76
Усё далей ад нас жудасныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, аднак практычна ў кожным населеным пункце ёсць помнікі загінулым — маўклівыя сведчанні падзей тых часоў. Па традыцыі ля іх праходзяць мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі, падчас якіх аддаецца даніна павагі подзвігу народа.

У нашай краіне, дзе амаль кожная сям’я пацярпела ў ваенных падзеях, тэме ВАВ ўдзяляецца вялікая ўвага. Сучаснае пакаленне дбае пра парадак на помніках і мемарыялах, дзе заўсёды ляжаць кветкі, праводзіцца добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

На 2015 — 2020 гады распрацавана і дзейнічае дзяржаўная праграма па ўвекавечанні загінулых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр вайны. У яе рамках прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку накіраваных на падтрыманне воінскіх пахаванняў у належным стане.

Актыўна ідзе работа ў гэтым накірунку і на Браслаўшчыне. Напрыклад, сёлета ўжо адрамантаваны некаторыя пахаванні ў Відзаўскім і Ахрэмавецкім сельсаветах, а цяпер у аграгарадку Мількі Цяцеркаўскага сельсавета ідуць работы каля помніка землякам. Сціпламу абеліску з выбітым надпісам «Нізкі паклон вам, загінулым, за тое, каб жылі мы» і з дзясяткамі прозвішчаў з цягам часу спатрэбіўся рамонт. У гэтыя дні рабочыя займаюцца яго добраўпарадкаваннем, уздымаюць наўкол старую плітку і ўкладваюць новую. Такім чынам, гэты і іншыя помнікі на тэрыторыі раёна паступова абнаўляюцца. А інакш і не можа быць, бо шанаванне гісторыі — наш абавязак, які мы павінны выконваць, каб у сэрцах вечна жылі тыя, хто аддаў жыццё за наша мірнае неба. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.