«Жыццё на гэтым не заканчваецца». Гісторыя сям’і, якая гадуе дзіця з інваліднасцю

Новости
Нараджэнне дзіцяці заўсёды суправаджаецца радасцю чакання. Бацькі мараць, што іх сын ці дачка будуць самымі-самымі. Але, на жаль, бывае так, што малому ставяць страшны дыягназ і ён набывае статус дзіцяці-інваліда.

Як змірыцца мацярынскаму сэрцу з тым, што ў сям’і асаблівае дзіця? Дзе ўзяць сілы, каб жыць далей з думкай, што нічога нельга змяніць?

Пачуццё шчасця і нецярпення ахоплівала браслаўчан Любоў і Юрыя Талстовых трынаццаць гадоў таму назад, пакуль яны чакалі нараджэння свайго першынца. І вось светлы дзень настаў: нарадзілася дачушка. Маладыя бацькі радаваліся сваёй крывіначцы, песцілі Дашу, марылі пра яе будучыню…

— Калі дачцэ споўнілася чатыры гады, — узгадвае Любоў, — мы сталі заўважаць нядобрае ў яе паводзінах. Кінуліся да ўрачоў. У мінскай спецыялізаванай клініцы Дашы паставілі страшны дыягназ.

Перадаць словамі тыя пачуцці, якія перажылі бацькі, проста немагчыма. Роспач, жах і неразуменне ахапілі ўсіх родных. У думках роіліся пытанні, на якія ніхто не мог адказаць: «За што?», «Чаму мы?», «Як жыць далей?».

Любоў і Юрый з цягам часу прынялі дыягназ дачкі як непазбежнае, але пры гэтым не дазволілі роспачы праглынуць цвярозыя думкі. Зразумела, сямейны ўклад давялося памяняць. У дзіцячы садзік дзяўчынку адправіць было нельга. Таму спачатку яе даглядала бабуля, потым маці: кіраўніцтва тады яшчэ мясцовага малаказавода пайшло насустрач і прапанавала перайсці на няпоўны працоўны дзень.

Жанчына перачытала нямала профільнай літаратуры, якая дапамагла родным выпрацаваць патрэбны стыль паводзін з дзяўчынкай. Галоўнае, упэўнена Любоў, што надзвычайнае апякунства шкодна для такіх дзяцей, бо гэта робіць іх бездапаможнымі і залежнымі ад іншых. Яшчэ адзін важны момант — нельга закрываць іх у хаце, трэба зрабіць жыццё дзяцей разнастайным і цікавым. І найлепш у гэтым дапамогуць супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Менавіта ў гэтай установе адукацыі, адзначае маці, Даша навучылася спакойна гуляць з іншымі дзецьмі, стала больш адаптаванай да зносін у грамадстве. Сёння яна вучыцца ў сёмым класе, з задавальненнем удзельнічае ў розных мерапрыемствах, прыгожа малюе.

Дасягненні дзяўчынкі падтрымліваюцца ў хаце, дзе для яе створаны выдатныя ўмовы: прыгожы пакой з сучаснай дзявоцкай мэбляй, шматлікія развіваючыя цацкі, а, галоўнае, побач любячыя бацькі.

— Нельга зацыклівацца на сваім горы, — кажа Любоў, — як бы ні было цяжка, але жыццё на гэтым не заканчваецца. Бацькоўскі абавязак — навучыць сваіх дзяцей элементарным бытавым навыкам, падрыхтаваць іх да зносін з людзьмі і да жыцця ўвогуле.

Цяпер у сям’і гадуецца яшчэ і двухгадовы Ягор. Старэйшая сястра ахвотна гуляе са сваім брацікам. А калі той падрасце, то абавязкова стане надзейным абаронцам і памочнікам для сваёй любай сястры. ■


Меркаванне спецыяліста:

— У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, — кажа яго дырэктар Ірына Угарэнка, — створаны ўсе належныя ўмовы для развіцця і сацыялізацыі «асаблівых» дзяцей. Іх знаходжанне ў нашай установе дае магчымасць бацькам спакойна займацца сваімі хатнімі справамі, удзяліць увагу іншым дзецям ці сабе.

Галоўнае ў выхаванні такіх дзяцей — дзейнічаць з бацькамі ў адным накірунку, прад’яўляць ім адны і тыя ж патрабаванні. Толькі ў такім выпадку могуць быць станоўчыя вынікі.

І яшчэ адзін важны момант: не заставацца са сваім горам сам-насам, а даверыцца спецыялістам.


Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.