У Браславе традыцыйная выстаўка «Калядныя ўзоры» набудзе новы фармат

В свободное время
Традыцыйнае ўрачыстае адкрыццё пераднавагодняй выстаўкі майстроў і мастакоў Браслаўшчыны сёлета пройдзе ў новым фармаце. Яно адбудзецца 21 снежня ў 16 гадзін у музеі традыцыйнай культуры.

«Кірмаш на млыне» — так называецца мерапрыемства, якое аб’яднала выстаўку твораў браслаўчан, майстар-класы па іх вырабе, розыгрыш прызоў, продаж сувеніраў і прысмакаў, абранне ўладальніка звання «Майстар года».

— Сёлета мы захацелі разнастаіць нашы навагоднія мерапрыемствы. Так узнікла ідэя правесці своеасаблівы калядны кірмаш. Адбудзецца гэта ўпершыню. Мы запрасілі розных майстроў да супрацоўніцтва, будуць музыканты, сюрпрызы для ўдзельнікаў, — раскрыла таямніцы будучага дзейства ў МТК яго загадчык Элеанора Зінкевіч. — Майстры разам з Наталляй Парахневіч зладзілі па-сапраўднаму калядную выстаўку з вырабамі адпаведнай тэматыкі. Спадзяёмся, што ў нас атрымаецца ўтульная атмасфера для ўсёй сям’і.

Трэба адзначыць, што традыцыйная выстаўка «Калядныя ўзоры» заўсёды запатрабавана ў браслаўчан і гасцей горада. Магчыма, калядны кірмаш таксама спадабаецца і будзе папулярны. ■

Алена НАБЕЕВА.