У Браславе адбыўся фестываль творчасці дзяцей з інваліднасцю «Сябруюць дзеці на планеце»

Власть и общество
Нават маючы інваліднасць, чалавек заўсёды можа адкрыць у сабе таленты і зрабіць жыццё больш яскравым. Гэта ўпэўнена даказалі ўдзельнікі вясёлага фестывалю «Сябруюць дзеці на планеце», які прайшоў другі раз у актавай зале СШ № 2. Яго арганізатарам стаў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У сваім прывітальным слове начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч адзначыў, што дзеці не павінны з-за праблем са здароўем стаяць у баку ад цікавых жыццёвых падзей. Паводле яго слоў, свет шматгранны і людзей, якія заўважаюць у іншых душу і талент, а не фізічныя недахопы, значна больш. Таксама ён падзякаваў педагогам, якія робяць усё, каб «асаблівыя» дзеці адчувалі сябе паўнавартаснымі членамі грамадства і мелі магчымасць праявіць свае таленты, і ўручыў ім падзякі.

Як заўсёды, на свята завіталі паважаныя госці з падарункамі: протаіерэй Ігар Чачуковіч, па ініцыятыве якога для цэнтра набыты мяккія будаўнічыя модулі, а міжнародная арганізацыя «Карытас» адарыла дзяцей саладосцямі.

Праграма фестывалю была вельмі цікавай і насычанай. Госці змаглі азнаёміцца з выстаўкай дэкаратыўна-прыкладных работ удзельнікаў фестывалю. Незабыўнымі і чуллівымі былі выступленні «асаблівых» дзяцей з розных устаноў адукацыі раёна. Яны нараўне са здаровымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі спявалі, танцавалі і чыталі вершы. Вочы дзетак свяціліся радасцю, на іх тварах былі шчаслівыя ўсмешкі, а гледачы не скупіліся на апладысменты.

Не забыліся пра сваіх сяброў і валанцёры з гімназіі, якія падарылі ўдзельнікам фестывалю забаўныя фігуркі з паветраных шароў і памятныя падарункі.

На заканчэнне свята дырэктар ЦКРНіР Ірына Угарэнка кожнаму яго ўдзельніку ўручыла дыпломы і падарункі ад раённых аддзяленняў грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі дзіцячы фонд» і «Фонд міру». Яна шчыра падзякавала спонсарам, дзецям і іх бацькам, педагогам — усім тым, хто робіць жыццё людзей з інваліднасцю больш цікавым і насычаным. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.