Спалены жывымі звыш 160 чалавек. Гісторыя знішчанай фашыстамі вёскі Стайкі Браслаўскага раёна

Власть и общество
Гісторыя гэтага артыкула пачалася з ліста, дасланага ў рэдакцыю жыхаркай вёскі Мілашкі Ірынай Філановіч. Жанчына нагадвала пра трагедыю Стаек.

«Вясной адзначалі 75 гадоў трагедыі Хатыні. Шмат пісалі пра гэта ў друку і казалі па тэлебачанні. Аднак і ў нас на Браслаўшчыне ёсць сёстры Хатыні. Напрыклад, вёска Стайкі. А хто памятае? Восенню прадавала журавіны на рынку, а малады мужчына пацікавіўся, адкуль яны. Адказала, што збірала ў балоце пад Стайкамі. А пакупнік здзівіўся: «Вы так здалёк прыехалі?» І я зразумела, што ён падумаў пра спартыўны комплекс пад Мінскам. Давялося патлумачыць, што ёсць такое сумнае месца ў нашым раёне. Мы туды ходзім на могілкі, прыбіраем курганы — месца пахавання спаленых у 1942 годзе жыхароў. Там, напрыклад, загінуў мой дзядзька. Ён, малады, пакахаў дзяўчыну са Стаек і пайшоў дамаўляцца пра вяселле. Кажуць, было гэта ў нядзелю, першы сняжок выпаў, фашысты акружылі вёску і ўжо нікога не выпусцілі жывымі… Пасля вайны населены пункт аднавілі, аднак цяпер ад яго нічога не засталося — поле. Толькі былыя жыхары прыязджаюць на могілкі. А між іншым, тут магчымасці для краязнаўчай работы, патрыятычнага выхавання. Некалі я вадзіла школьнікаў у паходы па гэтых месцах… Аднак і сёння важна не забываць трагедыі мінулых гадоў — таго, што давялося перажыць беларускаму народу і нашым землякам».

Гэтыя радкі, напісаныя ад душы, падштурхнулі выправіцца ў дарогу. Тым больш што ў архівах рэдакцыі не знайшлося фотаздымкаў курганоў. Перад гэтым перачытала артыкулы ў кнізе «Памяць», успаміны ўцалелых…

Па дарозе ў Стайкі мінаем Далёкія, Мілашкі, нарэшце зварочваем у лес. Адпаведнага ўказальніка няма. Вырашаем вярнуцца назад у Мілашкі, аднак перад імі ў вёсцы Бабылі заўважаем аўтамабіль і звяртаемся па дапамогу. На шчасце, нам пашанцавала пазнаёміцца з Валянцінам Шпяцом, ураджэнцам Стаек, які цяпер жыве ў Слабодцы і заехаў у госці да брата. Мужчына пагаджаецца паказаць нам дарогу. Едзем за ім па дыхтоўнай грунтоўцы праз лес і хутка прыпыняемся: непрыкметная лясная дарога прымыкае да асноўнай, і на адным з дрэў бачым сціплы ўказальнік «Стайкі».

Валянцін Шпец каля ўсталяванага ім указальніка да зніклай вёскі.

В. Шпец папярэджвае, што трэба перасесці ў яго аўтамабіль, бо на сваім мы не даедзем. «Асноўная праблема — немагчымасць даехаць. Дарога зарастае, вясной яе размывае. Некалькі гадоў таму назад дамовіліся прагрэйдзіраваць — стала крыху лепш, аднак усё роўна праблема засталася» — кажа ён.

І сапраўды, чалавеку, незнаёмаму з гэтымі мясцінамі, знайсці Стайкі даволі складана. Указальнікаў няма, а той, што ёсць, зроблены былым жыхаром. Яшчэ некалькі соцень метраў — і мы выязджаем на вялізнае поле з могілкамі і алеямі дрэў. «Бачыце старую ліпу? Гэта мой арыенцір. Некалі там была бацькоўская хата. А вунь растуць бярозы. Там была школа, магазін, стаялі дамы», — расказвае Валянцін Шпец. Атрымліваецца своеасаблівая віртуальная экскурсія па зніклай вёсцы, якая пасля вайны была адноўлена. Аднак праз дзесяцігоддзі ў ёй зноў змоўклі галасы…

Непрыкметна пад’язджаем да двух курганоў, дзе пахаваны спаленыя жыхары Стаек, а таксама людзі з бліжэйшых хутароў.

Наўкол мясцовымі жыхарамі пасаджаны дрэвы ў памяць пра землякоў, курганы абнесены агароджамі. На адной з таблічак чытаем радкі «спалены жывымі звыш 160 чалавек». Па словах нашага спадарожніка, курганы былі насыпаны на месцы хлявоў, дзе адбылася трагедыя. Зрабілі гэта падчас святкавання 20-годдзя Перамогі. Паміж курганамі стаіць помнік з выбітымі прозвішчамі і назвамі населеных пунктаў. Яго ўсталявалі некалькі гадоў таму назад па ініцыятыве Віктара Цітовіча, відавочцы трагедыі.

«Сюды часта прыязджаюць выхадцы з гэтых мясцін. Абавязкова раз у год мы збіраемся на мясцовых могілках, запрашаем бацюшку, а пасля доўга гутарым, дзелімся ўспамінамі і навінамі», — кажа Валянцін Шпец.

Па дарозе назад мужчына прыпыняецца і паказвае нам накірунак, дзе размяшчалася база партызан, было нават партызанскае пахаванне, аднак пасля родныя пера-. пахавалі загінулых. На грунтоўцы мы развітваемся і раз’- язджаемся ў розныя бакі. Аднак па дарозе дадому з галавы не ідуць радкі з помніка: «Пусть вечной будет память о тех, чьи имена известны и неизвестны, о жизнях, не прожитых до конца, о мыслях недодуманных и песнях недопетых». ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.