Майстар-класы і каша: у Далёкіх самадзейныя артысты арганізавалі фальклорнае мерапрыемства «Наша хата запрашае на свята»

В свободное время
Супрацоўнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Далёкаўскага клуба-бібліятэкі ўмеюць радаваць сваіх землякоў мерапрыемствамі. Здзівілі і гэтым разам.

На адзін дзень установа культуры ператварылася ў гасцёўню пад назвай «Наша хата запрашае на свята». У ліку запрошаных былі аднавяскоўцы і творчыя калектывы з Дрысвят, Опсы і Пагошчы. Гаспадарамі ж гасцёўні сталі ўдзельнікі новага аматарскага аб’яднання «Сноп захапленняў». Яны падрыхтавалі праграму, прысвечаную традыцыйнай і простай страве — кашы. А каб поўнасцю акунуцца ў атмасферу і настроіцца на творчы лад, аформілі залу пад беларускую хату і зрабілі сельскагаспадарчую выставу.

У цікавай і забаўляльнай форме самадзейныя акцёры сустракалі і частавалі гасцей, пры гэтым «варылі» кашу як галоўную страву да святочнага стала. Пакуль жа ў печы ішло яе прыгатаванне, адбылося музычнае спаборніцтва паміж музыкамі з Дрысвят, Опсы і Пагошчы. Яны выступілі са сваімі лепшымі песнямі, а пасля далёкаўцы запрасілі ўсіх станцаваць побытавы танец «Каробачка». Дзеля гэтага яны напачатку паказалі яго азы падчас майстар-класа, а пасля ўсе дружна пусціліся ў скокі.

Так паміж песнямі, прыпеўкамі, танцамі і гульнямі імкліва праляцеў час, а між тым згатавалася каша. Ух, і смачная ж яна была пасля насычанай праграмы! ■

Алена НАБЕЕВА.