Дырэктар Опсаўскай школы Святлана Курбан ведае, як знайсці сцяжынку да сэрца кожнага педагога і вучня

Актуальное Люди
Сёння дырэктар установы адукацыі — не толькі кіраўнік, які будуе свае зносіны з калектывам, вучнямі, бацькамі і грамадскасцю. Яшчэ ён павінен быць асобай, здольнай весці за сабой, а таксама гаспадарнікам і менеджарам. Усімі гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодае Святлана Курбан.

Амаль трыццаць гадоў жанчына прысвяціла развіццю вясковых дзяцей: спачатку ў якасці настаўніка пачатковых класаў у Кансталінскай школе, потым кіраўніком гэтай установы. Паўтара ж года таму назад С. Курбан стала ля штурвала Опсаўскага ЯССШ.

Гаспадарлівы кіраўнік, добры спецыяліст, у хуткім часе яна знайшла сцяжынку да сэрца кожнага педагога і вучня, справай заваявала павагу і давер аднавяскоўцаў.

Сучасная школа павінна ісці ў нагу з часам, таму асаблівае значэнне ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення надаецца ўкараненню новых метадаў і тэхналогій.

Не стаіць у баку ад новаўвядзенняў і опсаўская ўстанова адукацыі. Так, сёлета тут адкрылі аграрны клас, дзяўчаты і хлопцы базавага ўзроўню навучання на ўроках працы асвойваюць азы шыцця і разьбы па дрэве. А каб падрыхтаваць да заняткаў матэрыяльную базу, дырэктару зноў давялося праявіць свае гаспадарчыя здольнасці.

Нямала на рахунку школы ўзнагарод і дасягненняў у алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. За апошнія гады ў абласных алімпіядах паўдзельнічалі сем вучняў, двое з якіх сталі пераможцамі. Агульнавядома, што дасягнуць станоўчых вынікаў магчыма толькі пры цесным супрацоўніцтве настаўнікаў і вучняў. У школе, адзначае Святлана Курбан, працуюць сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю справу, крэатыўна падыходзяць да навучальнага працэсу, знаходзяць агульную мову з навучэнцамі. У большасці і дзеці разумеюць важнасць атрымання ведаў.

Выхаваць рознабаковую асобу, сапраўднага грамадзяніна, шчырага патрыёта — не менш важная задача, упэўнена субяседніца. Члены валанцёрскага атрада пастаянна дапамагаюць адзінокім састарэлым вяскоўцам, даглядаюць школьнікі воінскія пахаванні. Вясной пры фінансавай падтрымцы шэфаў — СВК «Маяк Браслаўскі» — сумесна з мясцовым сельсаветам вучні заклалі Алею памяці.

Значную ўвагу дырэктар надае сучаснаму абсталяванню вучэбных класаў. Да пачатку навучальнага года ў кабінеце інфарматыкі за бюджэтныя сродкі ўстанавілі новыя камп’ютары і сталы. Дзякуючы рэалізацыі Опсаўскім сельвыканкамам міжнароднага праекта ў школе створаны практычны навучальны цэнтр «Школа асноў бяспекі жыццядзейнасці». Сваімі сіламі педагогі і работнікі ўстановы адукацыі адрамантавалі кабінет замежнай мовы. Дагледжаная прышкольная тэрыторыя з вясны да позняй восені патанае ў кветках.

Узаемаразуменне і супрацоўніцтва адміністрацыі школы з кіраўніцтвам шэфскага сельгаспрадпрыемства прыносіць станоўчыя вынікі па добраўпарадкаванні тэрыторыі ўстановы адукацыі. Сёлета шэфы выдалілі старыя дрэвы ў прышкольным садзе, а замест іх вучні пасадзілі маладзенькія яблынькі. Каля цэнтральнага ўваходу ва ўстанову адукацыі з’явілася новая прыгожая агароджа. За ўсё гэта С. Курбан выказвае шчырую падзяку старшыні СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальду Шукялю.

Безумоўна, амаль два гады кіраўніцтва школай — не надта вялікі тэрмін. Але і за такі перыяд зроблена нямала. У гэтым трэба адзначыць і заслугу дырэктара Святланы Аляксандраўны. Вытрыманая, дзелавая жанчына, кампетэнтны педагог, сапраўдны кіраўнік, нягледзячы на занятасць, знаходзіць час, каб пагутарыць з кожным настаўнікам і вучнем, дапамагчы вырашыць праблемы. А гэта і ёсць асноўны паказчык прафесіяналізму.

Нездарма добрасумленная праца дырэктара С. Курбан адзначана Ганаровай граматай райсавета. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.