Адзіны дзень інфармавання ў Друі: убачыць настроі людзей і вырашыць надзённыя праблемы

Власть и общество
На мінулым тыдні ў поле зроку прадстаўнікоў інфармацыйных груп трапіла Друя. У аграгарадку адбылося адразу некалькі сустрэч у працоўных калектывах і з насельніцтвам — з мэтай атрымаць рэальную карціну жыцця, убачыць настроі людзей, акрэсліць і вырашыць надзённыя праблемы. Маштабная ж работа з друянамі завяршылася прыёмам грамадзян старшынёй раённага Савета дэпутатаў Нінай Пучынскай і сустрэчай з сельскім актывам і дэпутатамі.

Развіццё аграпрамысловага комплексу на Браслаўшчыне і працу ААТ «Друйскі» ў прыватнасці закрануў у сваім выступленні перад актывам аграгарадка намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын. Ён акцэнтаваў увагу, што сёння сельскагаспадарчай галіне з боку Прэзідэнта краіны надаецца вялікая ўвага, бо менавіта гэта сфера забяспечвае харчовую бяспеку краіны. У раёне працуюць 11 сельгаспрадпрыемстваў: 7 — ААТ, 2 — КУСП, 1 — СВК і 1 падсобная гаспадарка. Нягледзячы на цяжкі 2017 год і такую ж складаную зімоўку 2018-га, аграрыі ўжо актыўна ўключыліся ў работу на ўраджай наступнага года. Пры ўсіх праблемах станоўчая дынаміка ўсё ж такі ёсць, ёсць і пэўныя вынікі. Вялікія спадзяванні ў кіраўніцтва раёна на Указ № 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый», з дапамогай якога можна правесці шэраг мерапрыемстваў для забеспячэння годных умоў працы і павышэння ўзроўню заработнай платы.

Друеўскі сельсавет актыўна працуе па напаўненні бюджэту шляхам продажу зямельных участкаў, збору маёмасных падаткаў. Заробленыя сродкі ў гэтым годзе асвоены на добраўпарадкаванне, у прыватнасці, рамонт вуліц і дарог, усталяванне агародж, кветнікаў, знос лядашчых дамоў, ліквідацыю аварыйных дрэў, барацьбу з баршчэўнікам і інш. 

Пажарабяспечную абстаноўку акрэсліў намеснік начальніка Браслаўскага РАНС Сяргей Федарэнка. Паводле яго слоў, у цэлым у гэтым годзе адзначаецца значны рост пажараў у краіне. У вобласці іх адбылося больш за 220, у нашым раёне пакуль 24 (+1 да аналагічнага перыяду мінулага года). Павялічылася і колькасць ахвяр агню, у тым ліку дзяцей. Асноўная прычына трагедый — па-ранейшаму чалавечы фактар: самі людзі ў стане алкагольнага ап’янення. Што датычыцца раёна, то пераважная колькасць пажараў у нас адбылася па так званых тэхнічных прычынах: з-за няправільнай эксплуатацыі электраабсталявання і пячнога ацяплення, неасцярожнага абыходжання з агнём, таксама зафіксаваны і адзін падпал.

Ніна Пучынская ў сваю чаргу паведаміла, з якімі пытаннямі звярталіся друяне падчас прыёму грамадзян. Дарэчы, яны былі як тыповыя для ўсіх вяскоўцаў, так і ўласцівыя толькі для Друі. Так, людзей хвалюе нарыхтоўка дроў, стан дарог, наяўнасць аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца. Многія незадаволены арганізацыяй гандлю і забяспечанасцю таварамі першай неабходнасці, вулічным асвятленнем, адсутнасцю цырульніка і майстра па рамонце абутку, нізкай заработнай платай — словам, тым, што неабходна для нармальнага жыцця кожны дзень. Н. Пучынская адзначыла, што па ўсіх, нават на першы погляд нязначных пытаннях працуе сельсавет. Праблем насамрэч дастаткова, але кожную трэба вырашаць дэталёва і рабіць гэта сумеснымі намаганнямі разам з насельніцтвам, актывам і дэпутатамі.

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.