Пра што пісала «Браслаўская звязда» 45 гадоў таму назад (лістапад 1973-га)

Калейдоскоп

СЕЛЬСКІ ПУНКТ ПРАКАТУ

Камбінат бытавога абслугоўвання адкрыў яшчэ адзін пункт пракату. Цяпер жыхары Опсы і іншых населеных пунктаў калгасаў імя Заслонава, «Гігант», «Запаветы Ільіча» могуць атрымаць тут у часовае карыстанне пральныя і швейныя машыны, раскладушкі, палаткі, электрабрытвы, розны посуд і іншыя рэчы. Такі ж пункт пракату намячаецца адкрыць у Бяльмонтах.

НЕ ЗАХОДЗЯЧЫ Ў ПАМЯШКАННЕ

Чалавеку тэрмінова трэба пазваніць. Але не бегаць жа ў розныя арганізацыі і ўстановы, тым больш што ноччу гэта і зрабіць немагчыма. У такім выпадку выручае грамадскі тэлефон-аўтамат. Іх у горадзе сем, але два знаходзіліся ў памяшканнях. Гэта стварала нязручнасці, асабліва ў начны час. Нядаўна апараты вынесены на вуліцу пад спецыяльныя казыркі.

ДАКУЛЬ ГУЛЯЦЬ У ЖМУРКІ?

У вёсцы Укля ўжо даўно ёсць электрасвятло ў дамах. Вісяць лямпачкі і на слупах, што выстраіліся ўздоўж вуліцы. А вось для чаго яны вісяць, ніхто не ведае. Справа ў тым, што лямпачкі не запальваюцца. А цяпер такія цёмныя вечары! Таму з наступленнем цемры вяскоўцы стараюцца не выходзіць на вуліцу, бо ёсць усе падставы наставіць гузак або разбіць нос.

ВЫВУЧАЮЦЬ МАТЭРЫЯЛЫ КАНГРЭСА

Вялікую цікавасць праяўляюць рабочыя саўгаса «Друйскі» да вынікаў сусветнага кангрэса міралюбівых сіл. Яго матэрыялы, прамова Генеральнага сакратара ЦК КПСС таварыша Л. І. Брэжнева знаходзяць гарачы водгук у сэрцах працаўнікоў палёў і ферм. Таму лектарская група Малькаўскай сярэдняй школы выступае перад імі з растлумачэннем прынятых дакументаў.

ІДЗЕ МЯККАЕ ЗОЛАТА

У мінулым годзе калгас «Дружба» атрымаў ад зверагадоўчай фермы 126 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Значныя сродкі ад рэалізацыі прадукцыі паступяць у калгасную касу і сёлета. Цяпер на ферме ідзе забой лісіц і пясцоў. Хутка першая партыя скурак будзе адпраўлена ў Ленінград.

ГРУПАВЫЯ ЎСТАНОЎКІ

Балон з газам і пліта — верныя памочнікі гаспадынь на кухні. Аднак да гэтага часу ў Браславе прымяняліся такія газавыя ўстаноўкі, якія манціраваліся толькі для адной кватэры. А калі адной газавай ёмістасцю абслугоўваць некалькі? Прыклады ўжо ёсць. Нядаўна пабудавана групавая газавая ўстаноўка па вуліцы Садовай. Яна забяспечвае палівам адразу 18 кватэр.

НОВЫ АЎТАМАБІЛЬ

На Іжэўскім аўтазаводзе пачалася вытворчасць новай мадэлі легкавога аўтамабіля «ІЖ-комбі». Гэта элегантная, камфартабельная машына, у якой прадугледжана максімальная ўніфікацыя вузлоў і дэталяў з базавай мадэллю — «Масквічом-412». Аўтамабіль, несумненна, зацікавіць аматараў падарожжаў.

НЕ ЎДАЛОСЯ ПАЛАСАВАЦЦА

Ля вёскі Азярава знайшлі свежую скуру лася, а пры аглядзе месца здарэння — рэчавыя доказы, якія выкрываюць правапарушальніка. У Мінскім навукова-даследчым інстытуце судовай экспертызы ўстанавілі, што кулі, узятыя ў западозранага і знойдзеныя на месцы злачынства, аднолькавыя. Яны самаробныя, з аднаго і таго ж металу. Цяпер браканьеру не выкруціцца.

ЗАМЕСТ ЛІХТАРОЎ — ЛЯМПЫ

Згодна з мерапрыемствамі гарадскога Савета праводзіцца добраўпарадкаванне вуліц Садовай, Юбілейнай, Дзяржынскага. У кастрычніку было закончана асфальтаванне праезных частак. Цяпер пачалося асвятленне гэтых вуліц. Нешматлікія звычайныя электраліхтары замяняюцца ртутнымі лямпамі. Работы будуць закончаны да канца лістапада.

АФІША ВЫХАДНЫХ ДЗЁН

У суботу і нядзелю ў кінатэатры «Дружба» будзе дэманстравацца новая карціна студыі «Масфільм» «Мачыха». У ёй расказваецца пра складаны свет дзіцяці, пра адказнасць і абавязак сям’і і акружаючых людзей у станаўленні маленькага чалавека. У галоўнай ролі — вядомая савецкая актрыса Таццяна Дароніна. У раённым ДК адбудуцца традыцыйныя вечары адпачынку. ■

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.