Сын Лынькова, аўтара аповесці «Міколка-паравоз», падзяліўся ўспамінамі пра бацьку

Люди
Напэўна, многія з тых, хто калісьці вучыўся ў школе, памятаюць аповесць Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», апавяданне «Васількі». А вось тое, што на Браслаўшчыне мае лецішча сын Міхася Лынькова, хутчэй за ўсё, ведаюць не ўсе.

У мінулым месяцы мне выдалася магчымасць пазнаёміцца з гэтым цікавым чалавекам. Завуць яго Леанід Міхайлавіч Лынькоў.

Л. Лынькоў ужо некалькі гадоў на пенсіі. Да гэтага часу працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыётэхнікі, загадваў кафедрай абароны інфармацыі. Леанід Міхайлавіч — доктар тэхнічных навук, прафесар. Нягледзячы на тое, што звязаны з тэхнікай, ён захапляецца мастацкай літаратурай. Перачытаў творы не толькі Міхася Лынькова, але і другіх аўтараў.

Леанід Міхайлавіч падзяліўся ўспамінамі пра бацьку. Міхась Лынькоў вучыў сына пракладваць уласны шлях у жыцці, зарабляць грошы сваёй працай. Гэтую навуку той добра запомніў з дзяцінства. Л. Лынькоў памятае бацьку ўжо ў сталым узросце. Творы славуты пісьменнік у той час не пісаў, а рыхтаваў даклады на розныя нарады ў Доме пісьменніка. Леанід Міхайлавіч успамінаў, як ён таксама хадзіў туды на святы.

Частымі гасцямі ў доме Міхася Лынькова былі Максім Танк, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў. Дзеці пісьменнікаў таксама былі добра знаёмыя і разам гулялі ў двары. Міхась Лынькоў вельмі любіў малых. Калі ён, хворы, знясілены, ляжаў у бальніцы, да яго прыйшлі дзеці. Міхась Лынькоў, калі іх убачыў, адразу неяк павесялеў, ажыў, на твары з’явілася ўсмешка.

Адным з любімых заняткаў пісьменніка была рыбалка. Кожнае лета выязджала сям’я на дачу каля Нарачы. Любіў Міхась Ціханавіч пакатаць гасцей на маторнай лодцы па возеры. Ды не проста пакатаць, а праімчаць так, што хвалі накрывалі. У многіх гасцей захоплівала дух, і ад прапановы пракаціцца яшчэ круг некаторыя адмаўляліся.

Л. Лынькоў любіў ўрокі літаратуры, калі вучыўся ў школе, добра пісаў сачыненні. А настаўніца матэматыкі заўважыла ў хлопца матэматычныя здольнасці і параіла паступаць у тэхнічную вышэйшую навучальную ўстанову. Так і звязаў Леанід Міхайлавіч жыццё з тэхнікай. Шмат чаго дасягнуў, шмат дзе пабываў. Разам з тым захаваў любоў да роднай беларускай зямлі. А некалькі гадоў таму назад купіў дачу на Браслаўшчыне. З таго часу з задавальненнем адпачывае тут летам і восенню. Як і бацька, любіць лавіць рыбу. Калі я прыехала да Леаніда Міхайлавіча, то ён якраз рыбачыў.

Знаёмства з гэтым зычлівым, гаваркім чалавекам пакінула добрыя ўражанні. Прыемна, што наша ўтульная вёсачка Быстрамаўцы прывабіла сваёй прыгажосцю Леаніда Міхайлавіча Лынькова — сына беларускага пісьменніка. ■

Алеся МЯДЗІЛЬ,

студэнтка ІІІ курса філалагічнага факультэта ВДУ.