«Гэтыя 1,5 года не прайшлі дарэмна». Былы салдат падзяліўся ўражаннямі пра службу ў інжынерна-сапёрным батальёне

Новости
Кожнаму хлопцу раней ці пазней давядзецца пасталець, стварыць сям’ю, несці адказнасць не толькі за сябе, але і за сваіх дзяцей. І юнакам трывалым падмуркам на шляху да дарослага жыцця з’яўляецца служба ў арміі. З таго моманту, калі паштальён прынясе павестку з ваенкамата, бесклапотнае юнацтва заканчваецца.

Многія прызыўнікі задаюць сабе пытанне: ці ёсць карысць ад службы ў арміі?

Але для ўжо дэмабілізаванага Юрыя Круміна з агр. Ахрэмаўцы адказ відавочны:

— Зразумела, гэтыя 1,5 года не прайшлі дарэмна. Армія навучыла дысцыпліне, там атрымаў жыццёвы вопыт, на многія сітуацыі цяпер гляджу інакш, больш сур’ёзна. Ды і фізічная загартоўка не на апошнім месцы.

Пасля заканчэння Наваполацкага будаўнічага каледжа хлопец уладкаваўся газаэлектразваршчыкам у ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс». Павестку атрымаў без асаблівых хваляванняў, бо добра разумеў, што трэба аддаць свой воінскі абавязак Радзіме. Эмоцыі больш ахапілі бацькоў, асабліва маці. Але гэта і зразумела.

Навабранец Крумін трапіў у інжынерна-сапёрны батальён 19-й асобнай механізаванай Мікалаеўска-Будапешцкай Чырванасцяжнай брыгады, якая знаходзіцца ў в. Заслонава Лепельскага раёна. Пасля вучэбкі салдат стаў вадзіцелем-механікам плавучага транспарцёра.

Безумоўна, узгадвае хлопец, першыя месяцы было складана адаптавацца, трэба было прывыкнуць да рэжыму і дысцыпліны, ды і ежа — не хатняя. Але даволі хутка прызвычаіўся і ўжо спакойна пераносіў цяжкасці службы. Тым больш, кажа Юрый, што паміж камандзірамі, стараслужачымі і маладымі байцамі ўзаемаадносіны былі дружалюбныя. Ніхто не аказваў ніякага даўлення: ні маральнага, ні фізічнага.

— Бытавыя ўмовы былі добрыя, кармілі нядрэнна, — дзеліцца ўражаннямі суразмоўца, — толькі салодкага часта хацелася, але гэта можна перажыць. Без праблем размаўляў па тэлефоне з роднымі.

Трэба адзначыць, што ваеннаслужачы Ю. Крумін з гонарам выканаў свой абавязак: быў адным з лепшых у страявой, баявой і інфармацыйнай падрыхтоўках. Менавіта таму хлопца выбралі ў склад беларускай каманды на Армейскія міжнародныя гульні «Інжынерная формула», якія праходзілі ў расійскім Валгаградзе. З іскрынкай у вачах расказваў Юрый пра складаныя і ў той жа час цікавыя спаборніцтвы. Шмат разнастайных выпрабаванняў давялося прайсці ўдзельнікам гульняў. Асабіста юнаку выпала перапраўляць тэхніку праз водную перашкоду. З гонарам справіліся беларускія ваеннаслужачыя з пастаўленымі задачамі і заваявалі ІІ месца. А на памяць пра маштабны конкурс кожнаму засталіся даволі важкія медалі.

Акрамя гэтага, Ю. Крумін па заканчэнні службы быў ўзнагароджаны граматай ад камандавання брыгады.

Але ўсё ж, нягледзячы на насычаную падзеямі службу, салдат з нецярпеннем чакаў яе заканчэння і, як усе, міжвольна лічыў дні, калі пойдзе на «дзембель».

І вось у лістападзе дэмабілізаваны Ю. Крумін вярнуўся дадому, дзе яго з радасцю сустракалі бацькі і любая дзяўчына.

— Калі сын пайшоў у армію, — адзначае маці Ніна Крумін, — вельмі хвалявалася, часам плакала, але пры гэтым разумела, што служыць трэба. У арміі ён вельмі змяніўся, стаў дарослым і разважлівым, выпрацаваліся сур’ёзныя жыццёвыя каштоўнасці. Лічу, што армія — добрая школа для юнакоў.

Пакуль Юрый значных планаў на будучыню не складае, але галоўнае тое, што дзякуючы вайсковым выпрабаванням ён з упэўненасцю пойдзе па жыцці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.