Марыя Гарошка ўзнагароджана Падзякай міністра сельскай гаспадаркі

Люди
Падчас візіту на свінакомплекс СВК «Маяк Браслаўскі» размаўляла з начальнікам Людмілай Арцем’евай. Яна не аднойчы падкрэсліла, што ў свінагадоўлі, як і ў іншых галінах, важным з’яўляецца кожны этап гадавання, і калі ў ланцужку ад асемянення свінаматкі да забою новага пакалення хтосьці падвядзе — адно са звёнаў парвецца і ўвесь працэс парушыцца.

Але ўсё ж адным з найважнейшых перыядаў вырошчвання з’яўляецца фарміраванне матачнага пагалоўя. У цэху апаросаў працуюць 15 аператараў па доглядзе свіней. Яны прымаюць нованароджаных парасят і на працягу першага месяца іх жыцця завіхаюцца ля малых. Зразумела, гэты перыяд самы складаны і адказны. У першыя ж гадзіны нованароджаных трэба агледзець, адсартаваць хворых, сфарміраваць гнёзды, ацэньваючы вагу, якасці і нават паводзіны кожнага. Менавіта на гэтым этапе праводзіцца частковая вакцынацыя, кастрыраванне, купацыя хвастоў і падпіл зубоў. Пасля такіх маніпуляцый кожная жывёла вядзе сябе па-рознаму: адны жадаюць спакою і адзіноты, а іншыя, наадварот, патрабуюць увагі з боку даглядчыцы. Менавіта ў гэты перыяд яшчэ неакрэплы арганізм часта дае збой, таму падзеж на дадзеным этапе заўсёды самы высокі.

Гэтым вялікім і адказным участкам работ кіруе начальнік цэха Марыя Гарошка. Яна добра ладзіць са сваім невялікім калектывам, які штогод дае высокі вынік. Напрыклад, сёлета за 9 месяцаў выгадавалі і перадалі на дарошчванне 38 620 парасят, што на 2 010 галоў больш, чым летась. Таксама забяспечылі высокія прывагі ў 241 грам (плюс 8 г да мінулагодняга) і добрую захаванасць пагалоўя (паменшылі падзеж на 290 галоў).

Марыя прымае ўдзел ва ўсіх найбольш адказных работах. Як кажа сама, вельмі дапамагае накоплены вопыт, бо працуе тут ужо 25 гадоў. Кожная яе раніца пачынаецца з прыемных клопатаў: прыёму нованароджанага пагалоўя, правядзення яго нумарацыі і занясення ў агульную базу даных. Акрамя гэтага, жанчына штодзённа займаецца фарміраваннем статка рамонтных свінак. У гэтай справе яна карыстаецца не толькі навуковымі рэкамендацыямі, а і ўмее, што называецца, на вока вызначыць высокапрадукцыйных будучых свінаматак.

Праца ўсяго калектыву неаднаразова была адзначана на розных узроўнях. У гэтым жа годзе напярэдадні прафесійнага свята за добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Марыя Гарошка ўзнагароджана Падзякай міністра сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Рэспублікі Беларусь. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.