У Опсаўскай школе дзейнічае музейны пакой «Літаратурная Браслаўшчына»

Новости
Шмат цікавых і адораных людзей жывуць на Браслаўшчыне. Майстры, паэты, мастакі — усе яны сваім талентам праслаўляюць родны край. Але ў сваю чаргу і мы павінны ведаць крэатыўных землякоў і ганарыцца імі. Безумоўна, шматлікія выставы, сустрэчы і гутаркі з таленавітымі браслаўчанамі спрыяюць таму, каб пашырыць веды пра іх. А вось у Опсаўскім ЯССШ чатыры гады таму назад гасцінна адчыніў свае дзверы музейны пакой «Літаратурная Браслаўшчына».

Ідэя яго стварэння, якую падтрымала кіраўніцтва ўстановы адукацыі, належыць настаўніцы рускай мовы і літаратуры Аляксандры Крупко. Крэатыўны педагог і таленавітая паэтэса, яна проста не магла абмінуць такую патрэбную і цікавую справу. Да таго, як адзначыла жанчына, яе падштурхнуў і той факт, што менавіта ў Опсе базіруецца народнае літаратурнае аб’яднанне «Ветразь надзеі».

Ды і наогул, засяроджвае ўвагу кіраўнік пакоя, іх мясцовасць багатая на паэтычную спадчыну. У гэтай школе калісьці працаваў беларускі пісьменнік Уладзімір Карызна, творчасці якога ў музейным пакоі прысвечана некалькі стэлажоў. Ёсць тут звесткі і пра браслаўскіх літаратараў, іх выданні. Многія з паэтаў, разумеючы значнасць справы, перадалі сюды свае чарнавікі і асабістыя рэчы. З цікавасцю паслухала меркаванні А. Крупко пра тое, што недалёка ад Опсы пахаваны сын рускай паэтэсы Марыны Цвятаевай, які загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Трэба адзначыць і прыгожае, камфортнае афармленне пакоя: сучасныя стэнды і стэлажы, у куце намаганнямі работнікаў школы зроблены макет каміна, каля якога прыемна пасядзець і пачытаць вершы.

Як кажа А. Крупко, работа яшчэ не завершана і будзе працягвацца далей. Аднак педагогі школы ўжо некалькі гадоў актыўна выкарыстоўваюць матэрыялы музея падчас заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, што, несумненна, садзейнічае выхаванню свядомых грамадзян і патрыётаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.